Ілля Івашка прабіўся ў паўфінал турніру ў Нур-Султане



Беларускі тэнісіст Ілля Івашка (52-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прабіўся ў паўфінал турніру катэгорыі АТР-250 у казахстанскім Нур-Султане. У чвэрцьфінале беларус адолеў ў трохсэтавым паядынку фінскага тэнісіста Эміла Руусувуоры (84) – 4:6, 6:4, 6:1.

Беларус Андрэй Васілеўскі і ізраільцянін Ёнатан Эрліх выйшлі ў 1/2 фіналу парнага разраду на гэтым жа турніры. У 1/4 дуэт разграміў пару Хауме Муньяр (Іспанія)/Марк Полманс (Аўстралія) – 6:1, 6:2.

Беларуска Лідзія Марозава і прадстаўніца Казахстана Ганна Даніліна выбылі ў 1/4 фіналу парнага разраду турніру ВТА 500 у Астраве. Дуэт пацярпеў паразу ад пары Саня Мірза (Індыя)/Шуай Чжан (Кітай) – 3:6, 6:3, 6:10.

Аргенціна, Бразілія і Казахстан сталі чвэрцьфіналістамі чэмпіянату свету па міні-футболе

Зборныя Аргенціны, Бразіліі і Казахстана прабіліся ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету па міні-футболе ў Літве. Дзеючыя чэмпіёны аргентынцы перамаглі Парагвай з вынікам 6:1. У паядынку за выхад у паўфінал аргентынская каманда сустрэнецца з расейцамі, якія адолелі в’етнамцаў з мінімальнай перавагай ў ліку – 3:2. Пяціразовыя чэмпіёны свету бразільцы ў 1/8 абыгралі японцаў – 4:2 і ў чвэрцьфінале згуляюць з мараканцамі, раней якія перамаглі венесуэльцаў – 3:2. Зборная Казахстана без асаблівых праблем разабралася з камандай Тайланда, выйграўшы з лікам 7:0, і цяпер чакае свайго апанента, які вызначыцца пасля сустрэчы іранцаў з ўзбекамі. Таксама сёння іспанцы згуляюць з чэхамі, а партугальцы будуць сапернічаць з сербамі. Чвэрцьфіналы пройдуць 26-27 верасня.

Да дыскваліфікацыі Захара Волкава прыменена часовая адтэрміноўка выканання

23 верасня 2021 года адбылося пасяджэнне КДК і па этычных пытаннях АБФФ, на якім было разгледжана хадайніцтва абаронцы БАТЭ Захара Волкава аб прымяненні ў дачыненні да яго адтэрміноўкі выканання пакінутай часткі дысцыплінарнага пакарання ў выглядзе часовай дыскваліфікацыі. З улікам адбыцця больш за палову тэрміну дыскваліфікацыі, было вынесена рашэнне аб прымяненні адтэрміноўкі выканання пакарання на 2 гады. Дадзенае рашэнне тычыцца толькі матчаў і спаборніцтваў, якія праводзяцца пад эгідай АБФФ, і не распаўсюджваецца на міжнародныя матчы. Раней Волкаў падпісаў праўладны ліст спартоўцаў. 

Слесарчук пакінуў пасаду галоўнага трэнера «Слоніма»

Галоўны трэнер «Слоніма» Ігар Слесарчук скасаваў кантракт з клубам па пагадненні бакоў. Слесарчук узначаліў «Слонім» у лютым гэтага года. На дадзены момант каманда з 15-ю баламі замыкае турнірную табліцу першай лігі.

Беларускае Радыё Рацыя