Ілля Івашка выйшаў у 1/8 фіналу Алімпійскіх гульняў
Беларус Ілля Івашка (66-ы нумар рэйтынгу АТП) прабіўся ў 1/8 фіналу АГ-2020. У матчы 1/16 фіналу наш суайчыннік перайграў прадстаўніка Казахстана Міхаіла Кукушкіна (123 АТП) – 6:7 (4:7), 6:3, 6:3.
У наступным крузе 28 ліпеня Ілля згуляе з японцам Кэем Нісікоры (69 АТП). А вось беларуская заяўка пары Арына Сабаленка – Ілля Івашка на мікст АГ не прайшла. Сумарнага рэйтынгу не хапіла.
Алег Кубараў узначаліў „Крумкачы”
Беларускі спецыяліст Алег Кубараў стаў галоўным трэнерам НФК „Крумкачы” (Д2). Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба. Дапамагаць Кубараву будуць Сяргей Казека і Сяргей Кубараў, а таксама трэнер брамнікаў Эдуард Тучынскі. 55-гадовы спецыяліст у першай палове 2021 года быў спартовым дырэктарам „Крумкачоў”.
„Нью-Джэрсі” захаваў правы на Ягора Шаранговіча, але пакуль не можа дамовіцца аб умовах кантракту
„Нью-Джэрсі Девілз” зрабілі кваліфікацыйныя прапановы пяці хакеістам. У іх ліку беларус Ягор Шаранговіч. Такім чынам, „д’яблы” захавалі права ў НХЛ на хакеіста і працягнуць з ім перамовы аб новым кантракце, як з абмежавана вольным агентам. Шаранговіч у мінулым сезоне дэбютаваў у НХЛ. У 54 матчах ён набраў 30 (16+14) ачкоў, стаўшы дзявятым у галасаванні на званне найлепшага пачаткоўца сезона.
На Кубку Белгазпрамбанка згуляюць чэмпіёны Расеі і Украіны і прызёр польскай Суперлігі
Гандбольны клуб „Мяшкоў Берасце” апублікаваў праграму Кубка Белгазпрамбанка, які пройдзе ў Берасці з 13 па 15 жніўня. Кубак разыгрываўся ўжо 12 разоў. Галоўны трафей разам з „мяшкоўцамі” аспрэчаць расейскія „Чэхаўскія мядзведзі”, украінскі „Матор” і польскія „Азоты”. Матчы пройдуць на арэне спорткомплексу „Вікторыя”. Уваход вольны.
Уладзіслаў Смяглікаў перамог у першым паядынку алімпійскага турніру
Баксёр Уладзіслаў Смяглікаў (91 кг) з перамогі стартаваў на алімпійскім турніры. Беларус выйграў у спартоўца з Самоа Ато Леау Пладзіцкі-Фаагалі. Перамогу Смяглікаву аддалі чатыры з пяці суддзяў. Яшчэ адзін беларускі баксёр Аляксандр Радзівонаў, які выступае ў вазе 69 кг, саступіў брытанцу Пэту Маккормаку ў 1/16 фіналу турніру.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sportsfan.ru