Ілля Івашка выйшаў у чвэрцьфінал турніру АТП у Мексіцы
Беларус у трох сэтах адолеў харвата Борна Гоё — 5:7, 6:2, 6:4. Матч доўжыўся дзве гадзіны і 39 хвілін. Наступным сапернікам стане Борна Чэрыч з Харватыі. Паядынак адбудзецца ў пятніцу.
Форвард „Дынама” Нік Мерклі вярнуўся ў Менск
Канадскі нападнік стаў першым нерускамоўным легіянерам у складзе „зуброў”, які вярнуўся пасля адпачынку ў сталіцу Беларусі. У мінулым сезоне у 72 гульнях КХЛ Мерклі набраў 43 (21+22) ачкі з каэфіцыэнтам карыснасці „+2”. У рэгулярцы лепшы снайпер каманды (20 закінутых шайбаў). Адзначым, што лепшы гулец менчан па версіі заўзятараў прадоўжыў кантракт з клубам да канца наступнага сезона.
„Шахцёр” і гомельскі „Лакаматыў” аштрафаваны за „непрыстойныя паводзіны”
У Доме футбола прайшло пасяджэнне Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях. Па яго выніках грашовыя штрафы атрымалі „Шахцёр” і „Лакаматыў” з Гомеля.
Салігорскі клуб аштрафаваны на 15 базавых велічыняў (ці 555 рублёў), гомельскі – на 25 (ці 925 рублёў), адзначае афіцыйны сайт БФФ. Каманды атрымалі пакаранні за „непрыстойныя паводзіны” па выніках ліпеньскіх матчаў Кубка Беларусі з „Івацэвічамі-ДЮСШ” (6:1) і дзяржынскім „Арсеналам” (2:2, пенальці — 2:4) адпаведна, піша football.by.
Гулжыгіт Алыкулаў блізкі да вяртання ў „Нёман”
На гэты момант футбаліст зборнай Кыргызстана знаходзіцца ў статусе свабоднага агента. У паўабаронцы ёсць адразу некалькі прапановаў. Існуе верагоднасць, што Алыкулаў падпіша кантракт з „Нёманам” да канца сезона 2023, паведамляюць адразу некалькі крыніц.
Акрамя таго, гарадзенцы прапрацоўваюць варыянты падпісання яшчэ 1-2 футбалістаў.
Дубль Ліянэля Месі прынёс „Інтэр Маямі” перамогу над „Арланда Сіці”
Гэта адбылося ў матчы 1/16 фіналу Кубка ліг – 3:1. На 7-й хвіліне сустрэчы нападаючы Ліянэль Месі адкрыў лік. Амаль адразу саперніку ўдалося адыграцца дзякуючы голу Сезара Арауха, і на перапынак каманды пайшлі пры роўнасці на табло. У пачатку другой паловы сустрэчы форвард клуба Дэвіда Бэкхэма Жозэф Марцінэс рэалізаваў пенальці, а праз некаторы час асіставаў Месі, які аформіў дубль. У 1/8 фіналу „Інтэр Маямі” сустрэнецца з „Даласам”.
Беларускае Радыё Рацыя
