Ілля Шкурын дапамог ЦСКА абыграць «Арыўэлу»
Маскоўскі ЦСКА, які трэніруе беларус Віктар Ганчарэнка, у таварыскім матчы абыграў «Арыўэлу» (Іспанія, Д3) – 2:0. Беларускі форвард расейскага клуба Ілля Шкурын правёў увесь матч і забіў гол на 78-й хвіліне, усталяваўшы канчатковы лік. Сустрэча прайшла ў Іспаніі.
Алег Конанаў узначаліў «Рыгу»
Выканаўчы дырэктар ФК «Рыга» Раман Лаюкс паведаміў, што галоўным трэнерам латвійскай каманды стаў Алег Конанаў.
«Алег Конанаў сёння падпісаў кантракт з нашым клубам. Тэрмін кантракту назваць не магу – гэта канфідэнцыйная інфармацыя», – паведаміў Лаюкс.
Апошнім месцам працы Конанава быў маскоўскі «Спартак»: галоўным трэнерам маскоўскай каманды ён быў прызначаны ў лістападзе 2018 года, а ў верасні мінулага года сышоў у адстаўку. «Рыга» з’яўляецца чэмпіёнам Латвіі. Каманда выйграла чэмпіянат два гады запар
Каманда «Менск-1» шосты раз запар выйграла чэмпіянат Беларусі па індархакеі
Першая каманда ХК «Менск» шосты раз запар выйграла чэмпіянат Беларусі па індархакеі. Менчукі выйгралі ўсе матчы, акрамя сустрэчы супраць берасцейскага «Будаўніка», якая завяршылася з лікам 2:2. Такім чынам, сталічная дружына набрала 52 ачкі. Каманда з Берасця выйграла срэбра. Замкнулі тройку наймацнейшых прадстаўнікі другой каманды ХК «Менск». Найлепшым гульцом турніру прызнаны Вадзім Бандарчук (зборная Гомельскай вобласці), лепшым брамнікам – Раман Вітко (ХК «Будаўнік»). Лепшы бамбардзір – Іван Лях (ХК «Менск-1»). Лепшым суддзёй чэмпіянату была абраная Алена Азёрская.
Васілеўскі і Эрліх выйшлі ў 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Індыі
Беларускі тэнісіст Андрэй Васілеўскі і ізраільцянін Ёнатан Эрліх прабіліся ў чвэрцьфінал парнага разраду на турніры ў Індыі. У матчы 1/8 фіналу беларуска-ізраільскі тандэм выйграў у аўстралійскага дуэта Джэймс Дакворт / Мэт Рыд – 4:6, 6:3, 10:8. У чвэрцьфінале Андрэй Васілеўскі і Ёнатан Эрліх будуць супернічаць з італьянскай парай Стэфана Травалья / Паола Ларэнці.
«Цмокi» прымуць румынскую «Орадзю» ў матчы Кубка ФІБА-Еўропа
Баскетбалісты «Цмокi-Менск» правядуць заключны матч другога групавога этапу розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа. У паядынку 6-га тура групы J чэмпіёны Беларусі на пляцоўцы менскага «Фалькон клуба» сустрэнуцца з румынскім клубам «Орадзя» (пачатак у 19.30). Перамога ў сустрэчы забяспечыць менчукам выхад у плэй-оф Кубка ФІБА-Еўропа. У матчы першага круга падапечныя Расціслава Вергуна абыгралі «Орадзю» у гасцях з лікам 89:73.
Беларускае Радыё Рацыя