Ілля Шымановіч і Настасся Шкурдай абнавілі рэкорды Беларусі
У Будапешце праходзіць этап Міжнароднай лігі плавання (ISL). Спартоўцы выступаюць у 25-метровым басейне. Ілля Шымановіч выйграў заплыў на 50 метраў брасам, усталяваўшы новы рэкорд Беларусі – 25,64.
Берасцейка Настасся Шкурдай фінішавала другой на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем, таксама абнавіўшы нацыянальны рэкорд – 56,07.
Бліжэйшыя матчы рыжскага „Дынама” ў КХЛ не адбудуцца з-за каронавіруса
Бліжэйшыя матчы рыжскага „Дынама” ў КХЛ з падмаскоўным „Віцязем” і магнітагорскім „Металургам” не адбудуцца з-за новай ўспышкі каронавіруса ў латвійскай камандзе.
„У сувязі з новымі выпадкамі заражэння каронавірусам каманда „Дынама” павінна сесці на каранцін. На каранціне таксама знаходзяцца моладзевая каманда „Дынама” і фарм-клуб рыжан, таму ў клуба няма магчымасці сфармаваць склад для гульні ў КХЛ”, – гаворыцца ў паведамленні.
Угандзіец Джэйкаб Кіпліма выйграў золата ЧС па паўмарафоне у Польшчы
Джейкаб Кіпліма з Уганды выйграў золата чэмпіянату свету па паўмарафоне у забегу мужчын у Гдыні (Польшча). Чэмпіён свету паказаў на фінішы выніковы час 58 хв. 49 сек., усталяваўшы кантынентальны рэкорд.
Кенійка Перэс Джэпчычыр абнавіла сусветны рэкорд у паўмарафоне. Галоўная фаварытка забегу перамагла з вынікам 1 гадзіна 5 хвілін 16 секунд. Срэбра ў гэтым відзе праграмы выйграла прадстаўніца Германіі Мелатыя Кейета. Бронзавая медалістка чэмпіянату свету – Ялемзерв Ехуалаў з Эфіопіі.
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў згуляе на турніры ў Кёльне
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (85-ы нумар сусветнага рэйтынгу) сёння прыме старт на турніры ў нямецкім Кёльне з прызавым фондам 325 тыс. еўра. У паядынку першага кваліфікацыйнага раўнда адзіночнага разраду супернікам беларуса будзе нямецкі тэнісіст Оскар Мараіс (1472).
„Таронта” падпісаў 41-гадовага Джо Торнтана
Нападнік Джо Торнтан далучыўся да „Таронта”. З 41-гадовым канадцам падпісаны аднагадовы кантракт на 700 тысяч даляраў. Апошнім клубам хакеіста быў „Сан-Хасэ”. У мінулым рэгулярным чэмпіянаце форвард правёў 70 матчаў, дзе набраў 31 (7+24) ачко пры паказчыку карыснасці „-19”. Усяго ў НХЛ на яго рахунку 1636 матчаў і 1509 (420+1089) ачкоў.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: noc.by