Ілля Шымановіч прызнаны лепшым плыўцом Еўропы па выніках 2020 года
Штогадовыя ўзнагароды Swammy Awards уручае swimswam.com.
У 2020 годзе Ілля Шымановіч усталяваў сусветны рэкорд на стометроўцы брасам у кароткім басейне (55,34 секунды), скінуўшы сем сотых з выніку брытанца Адама Піці. Акрамя таго, беларус усталяваў два рэкорды Еўропы на „кароткай вадзе” і больш за дзесяць нацыянальных рэкордаў.
У намінацыі Шымановіч абышоў Піці, італьянца Грэгорыа Пальтрыньеры і расейца Клімента Калеснікава.
Ягор Шаранговіч пачаў трэніроўкі ў складзе „Нью-Джэрсі”
Адкрыўся трэніровачны лагер хакейнага клуба „Нью-Джэрсі”. Усяго ў складзе „д’яблаў” цяпер 38 хакеістаў – 5 брамнікаў, 13 абаронцаў і 20 форвардаў. Сярод нападнікаў пад 38-м нумарам будзе намагацца прабіцца ў асноўны ростэр хакеіст зборнай Беларусі Ягор Шаранговіч.
Спунэр трапіў у тройку самых актыўных гульцоў КХЛ па гульні ў большасці
Хакеіст менскага „Дынама” Раян Спунэр замкнуў тройку самых актыўных гульцоў КХЛ па выніках 2020 года. Форвард менчанаў у 49 сустрэчах рэгулярнага чэмпіянату Лігі зарабіў 26 (3 + 23) ачкоў.
Апярэдзіць Райана Спунэра па гэтым паказчыку змаглі толькі два гульцы. У Стэфана Ды Коста з казанскага „Ак Барса” на рахунку 27 (16 + 11) ачкоў у 60 матчах. Маскоўскі дынамавец Вадзім Шыпачоў зарабіў у большасці 27 (9 + 18) балаў у 63 гульнях.
Віталь Жукоўскі хоча бачыць Аляксандра Глеба ў структуры БАТЭ
Новы галоўны трэнер БАТЭ Віталь Жукоўскі хоча бачыць Аляксандра Глеба ў структуры барысаўскага клуба. „Мне б хацелася, каб Аляксандр нёс тут пэўныя функцыі. У клубе. Тут ужо рашэнне за кіраўніцтвам”, – канстатаваў настаўнік. Віталь Жукоўскі таксама заявіў, што не баіцца крытыкі ў прэсе падчас кіравання новай камандай.
«Манчэстар Юнайтэд» перамог «Астан Вілу» і па ачках дагнаў «Ліверпуль»
У Манчэстэры на стадыёне «Олд Трафард» у матчы 17-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Манчэстар Юнайтэд» прымаў «Астан Вілу». Сустрэча завяршылася перамогай манкуніянцаў з лікам 2:1.
Лік быў адкрыты на 40-й хвіліне матчу. Абаронца «МЮ» Аран Ван-Бісака выканаў падачу ў чужую штрафную, адкуль пакінуты без нагляду нападнік Антані Марс’яль ударам галавой адправіў мяч у сетку.
Госці адыграліся на 58-й хвіліне – нападнік Бертран Траорэ атрымаў перадачу ад капітана бірмінгемцаў Джэка Грыліша і расстраляў Давіда дэ Хеа. Аднак ужо праз чатыры хвіліны «МЮ» зноў выйшаў наперад. Паўабаронца «Вілы» Дуглас Луіс у сваёй штрафной парушыў правілы ў барацьбе з Полем Пагба, і суддзя неадкладна паказаў на «кропку». Бруна Фэрнандэш упэўнена рэалізаваў адзінаццаціметровы.
«Манчэстар Юнайтэд», набраўшы 33 ачкі, займае 2-е месца ў турнірнай табліцы англійскай Прэм’ер-лігі, толькі па дадатковых паказчыках саступаючы лідару АПЛ – «Ліверпулю». «Астан Віла» мае 26 ачкоў і знаходзіцца на 6-м месцы.
„Вашынгтон” без Уэстбрука ў складзе святкаваў першую перамогу ў сезоне
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НБА „Вашынгтон” на выездзе перайграў „Мінесоту” з лікам 130:109. Пры гэтым у паядынку не выступаў лідар гасцей Расэл Уэстбрук. Расэл Уэстбрук раней аформіў трыпл-дабл у шостым матчы запар.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя