Ілля Шымановіч выйграў золата ЧЕ па плаванні на кароткай вадзе ў Казані



Беларускі плывец Ілля Шымановіч выйграў другое золата чэмпіянату Еўропы на кароткай вадзе ў Казані. Пераможны час беларуса на дыстанцыі 50 м брасам 25,25 секунды. Гэта паўтарэнне сусветнага рэкорду, які ўсталяваў атлет з Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі Кэмеран ван дэр Бург у лістападзе 2009 года. Гэта трэцяя ўзнагарода Іллі Шымановіча на гэтым кантынентальным форуме. Таксама ў яго калекцыі золата за перамогу на дыстанцыі 200 м брасам і срэбра на 100 м брасам. Таксама ў Казані вызначылася беларуска Анастасія Шкурдай, якая выйграла срэбра на дыстанцыі 100 м батэрфляем.

Славія” і „Нёман” не выявілі пераможцу ў матчы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты мазырскай „Славіі” і гарадзенскага „Нёмана” згулялі ўнічыю ў апошнім паядынку 28-га тура чэмпіянату Беларусі. У кожным тайме супернікі забілі па адным мячы – на 11-й хвіліне сустрэчы ў Мазыры Раман Грыбоўскі з пенальці вывеў гасцей наперад, а незадоўга да фінальнага свістка Ігар Ціманюк выратаваў „Славію” ад паразы – нічыя 1:1. З такім жа лікам завяршыліся яшчэ чатыры матчы: паміж БАТЭ і сталічным „Дынама”, паміж „Шахцёрам” і „Слуцкам”, „Смаргонню” і берасцейскім „Дынама”, ды „Энергетыкам-БДУ” і „Мінскам”.
Берасцейскі „Рух” абыграў на сваёй арэне гасцей з „Віцебска” 2:0, а футбалісты „Гомеля” ў Маладэчне святкавалі валявую вікторыю над „Іслаччу” – 2:1.

„Спартак” і „Лакаматыў” згулялі ўнічыю, Лісаковіч выйшаў на 74-й хвіліне матча

„Спартак” і „Лакаматыў” згулялі ўнічыю ў матчы 14-га тура Расейскай Прэм’ер Лігі – 1:1. Беларускі форвард гасцей Віталь Лісаковіч выйшаў на 74-й хвіліне матча. „Мілан” у матчы 12-га тура чэмпіянату Італіі на сваім полі згуляў унічыю з „Інтэрам” — 1:1. Абодва галы былі забітыя ў першым тайме, прычым госці на 27-й хвіліне не рэалізавалі пенальці — Марцінэс не змог перайграць галкіпера. „Расанэры” дагналі ў турнірнай табліцы „Напалі”, які згуляў унічыю з „Веронай” 1:1 — у абедзвюх каманд па 32 ачкі, але засталіся на другім месцы з-за горшай рознасці забітых і прапушчаных мячоў. „Інтэр” з 25 ачкамі – трэці. „Атлетыка” на 96-й хвіліне не ўтрымаў перамогу над „Валенсіяй” – 3:3. „Севілья” ў дэрбі ўпэўнена перамагла „Беціс” 2:0.”Ліверпуль” прайграў „Вест Хэму” у матчы 11-га тура чэмпіянату Англіі 2:3. Мерсісайдцы пацярпелі першую паразу ў сезоне. „Малатабойцы”, дзякуючы перамозе, абышлі каманду Юргена Клопа ў турнірнай табліцы і ўварваліся ў тройку. „Ліверпуль” – на чацвёртым месцы. „Арсенал” мінімальна абыграў „Уотфард” ў матчы 11-га тура АПЛ 1:0. „Эвертан” і «Тотэнхэм” згулялі ўнічыю 0:0

Валейбалісткі „Мінчанкі” саступілі „Лакаматыву” ў матчы расейскай суперлігі

Валейбалісткі „Мінчанкі” саступілі „Лакаматыву” ў матчы расейскай суперлігі. Каманда з Калінінграда, якая выступае ў ролі дзейных пераможцаў турніру, узяла верх з лікам 3:0. Наступны матч беларуская каманда правядзе 12 лістапада ў Маскве супраць „Дынама”.

Баскетбалісты „Цмокi-Мінск” здабылі першую вікторыю ў Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Цмокi-Мінск” святкавалі першую вікторыю ў матчах новага сезона Адзінай лігі ВТБ. На пляцоўцы сталічнага Falcon Club чэмпіёны Беларусі пасля пяці паразаў запар адолелі ў авертайме лепшую каманду Эстоніі талінскі „Калеў” з перавагай у два балы – 93:91.
Свой наступны паядынак „банкаўскага” турніру менскія „цмокі” правядуць 13 лістапада ў гасцях у баскетбалістаў „Ніжняга Ноўгарада”.

Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Лінцы

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч прабілася ў другі раунд турніру катэгорыі WTA-250 у аўстрыйскім Лінцы з прызавым фондам 235 тысяч даляраў. У 1/16 фіналу беларуска, якая займае 88-е месца ў сусветным рэйтынгу, перайграла ў трохсэтавым паядынку французскую тэнісістку Фіёну Фэра, у якой 105-я пазіцыя – 6:2, 3:6, 6:2. У матчы за выхад у чвэрцьфінал суперніцай Аляксандры Сасновіч будзе экс-першая ракетка планеты румынка Сімона Халеп, якая зараз знаходзіцца на 22-м месцы рэйтынгу WTA.

Ферстапен выйграў „Гран-пры Мексікі”

Пілот каманды „Рэд Бул” Макс Ферстапен стаў пераможцам „Гран-пры Мексікі”. Другім стаў гоншчык „Мэрсэдэса” Льюіс Хэмілтан. На трэцяй пазіцыі Серхіа Перэс з „Рэд Була”. Ферстапен захаваў лідарства ў заліку пілотаў і павялічыў свой адрыў ад Хэмілтана.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя