Ілля Шымановіч зноў пабіў свой сусветны рэкорд на дыстанцыі 100 м брасам
У Эйндховэне праходзіць этап Міжнароднай лігі плавання на кароткай вадзе. Беларус Ілля Шымановіч зноў пабіў свой сусветны рэкорд на дыстанцыі 100 м брасам.
Новы рэкорд склаў 55,28 секунды і лепшы на 4 сотых за ранейшы, усталяваны Шымановічам 19 лістапада.
„Юнацтва” па булітах прайграла „Хіміку”
Завяршыліся два матчы Parimatch-Экстралігі чэмпіяната Беларусі па хакеі. Сталічнае „Юнацтва” па булітах прайграла наваполацкаму „Хіміку” 1:2, а салігорскі „Шахцёр” таксама на хатняй арэне саступіў „Віцебску” – 1:4.
Аляксей Протас, набраўшы два ачкі, дапамог „Вашынгтону” перамагчы „Фларыду”
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Вашынгтон” на сваёй пляцоўцы перамог „Фларыду” — 4:3. Беларускі форвард гаспадароў Аляксей Протас запісаў у актыў дзве выніковыя перадачы. Увогуле наш суайчыннік правёў на лёдзе 14 хвілін 55 секунд, зарабіў 2 ачкі, нанёс два кідкі, дапусціў адну страту і зарабіў „+1” па сістэме „плюс-мінус”. У сёлетнім сезоне ў актыве Аляксея 10 гульняў у НХЛ і 3 бала.
А вось „Нью-Джэрсі” Ягора Шаранговіча саступіў „Нэшвілу” 2:4. Беларускі форвард гасцей Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 13 хвілін 19 секунд, нанёс тры кідкі, выйграў два з чатырох укідванняў. На рахунку 23-гадовага нападніка 7 (3+4) балаў у 16 матчах цяперашняга сезона НХЛ.
Футбалісты Расеі згуляюць з палякамі ў кваліфікацыі Чэмпіяната свету
У Цюрыху прайшло лёсаванне стыкавых паўфінальных сустрэч еўрапейскай кваліфікацыі футбольнага чэмпіянату свету 2022 года. Футбалісты зборнай Расеі прымуць на сваім полі каманду Польшчы. Зборная Украіны згуляе на выездзе з Шатландыяй. Былы супернік зборнай Беларусі каманда Чэхіі адправіцца ў госці да шведаў. Яшчэ адзін апанент беларусаў зборная Уэльса прыме аўстрыйцаў. Чэмпіёны Еўропы футбалісты Італіі згуляюць на сваёй арэне з Паўночнай Македоніяй, а партугальцы прымуць турэцкіх футбалістаў. Паўфіналы пройдуць 24 сакавіка, а іх пераможцы 29 сакавіка разыграюць тры пуцёўкі ў фінальную стадыю сусветнага першынства. Нагадаю, прамыя пропускі ў Катар заваявалі лепшыя каманды 10 кваліфікацыйных груп: Англія, Бельгія, Германія, Францыя, Іспанія, Данія, Швейцарыя, Нідэрланды, Сербія і Харватыя.
Роберт Левандоўскі прызнаны лепшым гульцом свету 2021 года па версіі IFFHS
Роберт Левандоўскі прызнаны лепшым гульцом свету 2021 года па версіі IFFHS (міжнароднай федэрацыі футбольнай гісторыі і статыстыкі). Беларускае спартовае выданне „Прэсбол”, якое прымала удзел у галасаванні, таксама аддало першае месца польскаму форварду.
Расейскі лыжнік Аляксандр Цярэнцьеў выйграў спрынт на этапе Кубка свету
Расейскі лыжнік Аляксандр Цярэнцьеў выйграў класічны спрынт на першым этапе Кубка свету ў фінскім Руцы. Беларускія лыжнікі Аляксандр Воранаў і Ягор Шпунтаў завяршылі гэты від праграмы на 37-м і 41-м месцах. Шведка Майя Дальквіст выйграла спрынт у спаборніцтвах жанчын.
Удзельнічалі ў спрынтарскіх стартах і беларускія лыжніцы, якія завяршылі свае выступы на далёкіх подступах да п’едэстала. Анастасія Кірылава заняла 47-е месца, а Валерыя Давыдзенка – 55-е. Нагадаю, сёння ў шведскім Эстэрсундзе стартуе Кубак свету па біятлоне з удзелам 10 беларускіх біятланістаў. Яго адкрываюць індывідуальныя гонкі: у 13.45 па менскім часе пачнуць жанчыны, у 17.00 – мужчыны.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
© Photo : Instagram / Ilya Shymanovich