Ілля Усаў закінуў упершыню з 26 лістапада і прызнаны трэцяй зоркай матча АХЛ
Беларускі форвард Ілля Усаў закінуў упершыню з 26 лістапада і прызнаны трэцяй зоркай матча АХЛ.
Нападнік перапыніў безгалявую серыю з 35 паядынкаў. „Сірак’юз Кранч” у гасцях узяў верх над „Рочастэр Амерыкенс” — 3:2 АД (2:1, 0:1, 0:0, 1:0) у рэгулярным чэмпіянаце Амерыканскай хакейнай лігі.
Усаў закінуў на 5-й хвіліне сустрэчы, зрабіўшы лік 2:0 на карысць сваёй каманды. Ён таксама выканаў 4 кідкі ў створ варот, скончыў паядынак з паказчыкам карыснасці „0” і прызнаны трэцяй зоркай матча. Ілля Усаў закінуў упершыню з 26 лістапада 2022 года, спыніўшы безгалявую серыю з 35 матчаў. У 52 матчах цяперашняга сезона АХЛ на рахунку Усава 15 (3+12) ачкоў пры 24 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „+2”, адзначае афіцыйны сайт ФХБ.
„Рэал” разграміў „Барселону” і выйшаў у фінал Кубка Іспаніі, Бензема аформіў хет-трык
У матчы ў адказ паўфіналу Кубка Іспаніі сустракаліся «Барселона» і «Рэал». Супрацьстаянне завяршылася з лікам 4:0 на карысць гасцей.
На 45-й хвіліне Вінісіус Жуніёр адкрыў лік у матчы. Ён разыграў з Карымам Бензема сценку ўнутры штрафной і прабіў міма Марка-Андрэ тэр Штэгена. У пачатку другога тайма Карым умацаваў перавагу гаспадароў, затым забіў трэці гол „сметанковых” і давёў лік да разгромнага на 58-й хвіліне – ён рэалізаваў пенальці. На 81-й хвіліне французскі форвард аформіў хет-трык. У першым паўфінальным матчы „Барселона” ў гасцях перамагла „Рэал” з лікам 1:0, таму па суме двух матчаў у фінал прайшоў мадрыдскі «Рэал».
Восем камплектаў узнагарод разыграны ў другі дзень чэмпіянату Беларусі па плаванні ў Берасці
У Берасцейскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту працягваецца адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні. У другі дзень спаборніцтваў спартоўцы вызначалі наймацнейшых у шасці асабістых відах праграмы, а таксама ў дзвюх эстафетах. Чарговыя залатыя медалі турніру заваявалі Аліна Змушко і Канстанцін Курачкін. Змушко, якая напярэдадні перамагла на 50 м брасам, выйграла фінал на дыстанцыі 200 м, а Курачкін да свайго поспеху ў заплыве на 400 м вольным стылем дадаў золата на дыстанцыі 1500 м.
Таксама перамогу ў фінале на 200 м батэрфляем у мужчын святкаваў Іван Шамшурын, на дыстанцыі 100 м на спіне лепшым стаў Іван Буевіч, а ў заплыве на 200 м комплексам роўных не было Івану Адамчуку. На „каралеўскай” дыстанцыі 100 м вольным стылем сярод жанчын лепшы вынік паказала Анастасія Куляшова.
У мужчынскай эстафеце 4х100 м комплексным плаваннем золата дасталася квартэту з Менска, а ў жаночай эстафеце 4х200 м кролем першынствавала каманда Берасцейскай вобласці. Сёння на чэмпіянаце Беларусі па плаванні таксама будуць разыграны восем камплектаў узнагарод.
Польшча адмовілася ад этапу Кубка свету праз допуск беларусаў і расейцаў
Польская асацыяцыя фехтавання адмовілася праводзіць этап чэмпіянату свету па фехтаванні на рапірах у Познані. Прычынай называецца допуск на яго беларусаў і расейцаў. Польскі бок заяўляе, што іх як арганізатараў адхілілі ад працэсу праверкі запрошаных удзельнікаў і дапаможнага персаналу. На думку Польскай асацыяцыі фехтавання, „вялікую колькасць гульцоў з расейскімі і беларускімі пашпартамі дапусцяць у слабакантраляваным рэжыме” на турнір.
Санкцыі супраць спартоўцаў з Расеі і Беларусі былі ўведзеныя ў сакавіку 2022-га пасля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны. Сёлета напрыканцы сакавіка Міжнародны Алімпійскі камітэт рэкамендаваў дапусціць беларусаў і расіян да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе. Але такое рашэнне ў спартовым свеце ўспрынялі неадназначна. Некаторыя спартовыя федэрацыі працягнулі абмежаванні для беларускіх і расейскіх спартоўцаў.
Беларускае Радыё Рацыя