Ілля Жарноўскі заняў 8-е месца на ЧЕ па цяжкай атлетыцы ў Маскве



Беларус Ілля Жарноўскі, які выступаў у вагавай катэгорыі 73 кг, заняў восьмае месца па выніках спаборніцтваў у двубор’і на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у Маскве.

Ураджэнцу Віцебска па суме двух практыкаванняў скарылася вага 326 кг (рывок: 150 кг + штуршок 176 кг). Чэмпіёнам кантынента стаў турэцкі цяжкаатлет Даніяр Ісмаілаў з сумай 341 кг.

Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Гомель” у трэцім матчы фінальнай серыі

Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Гомель” у трэцім матчы фінальнай серыі плэй-оф чэмпіяната Беларусі з лікам 5:0. У стартавыя хвіліны матчу каманды гулялі на роўных. Моманты былі як у адных, так і ў другіх. Але „рысі” даволі хутка апынуліся ў меншасці, і былі за гэта пакараныя на чацвёртай хвіліне гульні. Яўген Кавыршын выдатна згуляў на пятаку і адкрыў лік. У пачатку другога перыяду памылкі абаронцаў гомельцаў прывялі да трох закінутых шайбаў у брамку Андрэя Грышчанкі. Спачатку Аляксандр Когалеў падвоіў перавагу менчукоў, а затым сваё майстэрства  прадэманстравалі Максім Расейкін і Максім Парфеявец.

У трэцім перыядзе чарговы правал у абароне прывёў да пятай шайбы ў брамку гомельскай дружыны. Вызначыўся Яўген Нагачоў.

Уладзіслаў Калячонак пакінуў менскае „Дынама”

Беларускі абаронца Уладзіслаў Калячонак пакінуў менскае „Дынама”. Хакеіст вяртаецца ў сістэму клуба НХЛ „Флорыда Пантэрз”. Амерыканскі клуб адклікаў яго з арэнды. Уладзіслаў Калячонак папоўніў склад менскага „Дынама” ў ліпені 2020 года. За мінулы сезон правёў у КХЛ 46 матчаў, у якіх набраў 6 (1 + 5) ачкоў. Да канца рэгулярнага чэмпіянату гулец набраў добрыя кандыцыі і мог бы выдатна праявіць сябе ў плэй-оф, але з-за траўмы датэрмінова завяршыў сезон у КХЛ.

Футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” сталі першымі паўфіналістамі Кубка Беларусі

Футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” сталі першымі паўфіналістамі Кубка Беларусі. У чвэрцьфінальным матчы ў адказ падначаленыя Юрыя Пунтуса згулялі ўнічыю з прадстаўніком другога дывізіёна нацыянальнага першынства дзяржынскім „Арсеналам” – 0:0. У першым паядынку ў Жодзіне тарпедаўцы святкавалі буйную перамогу – 3:0.

Другімі ўдзельнікамі паўфінальнай стадыі Кубка Беларусі сталі футбалісты „Іслачы”. Падначаленыя Арцёма Радзькова ў другім чвэрцьфінальным матчы з „Мінскам” з 33-й хвіліны гулялі ў меншасці, але не дазволілі супернікам дамагчыся перамогі – нічыя 0:0. У першай сустрэчы гэтых каманд таксама была зафіксавана нічыя – 1:1, аднак за кошт гола, забітага на чужым полі, далей ідзе „Іслач”.

Яшчэ два матчы за выхад у паўфінал кубкавага розыгрышу адбудуцца сёння. Уладальнік Кубка барысаўскі БАТЭ згуляе ў гасцях у футбалістаў „Віцебска”. У першай гульні барысаўчане выйгралі з мінімальнай перавагай – 2:1. Чэмпіён краіны салігорскі „Шахцёр” сустрэнецца ў Гародні з мясцовым „Нёманам”. На сваім полі салігорскія футбалісты перамаглі 3:0.

„Рэал” і „Манчэстэр Сіці” перамаглі ў першых чвэрцьфіналах Лігі чэмпіёнаў

Футбалісты мадрыдскага „Рэала” і „Манчэстэр Сіці” дамагліся хатніх перамог у першых чвэрцьфінальных паядынках Лігі чэмпіёнаў.

У Мадрыдзе на 27-й хвіліне Тоні Крос аддаў цудоўны пас на Жуніёра Вінісіуса, які адкрыў лік. Праз 10 хвілін груба памыліліся абаронцы гасцей і Марка Асэнсіа падвоіў перавагу „Рэала”. Пасля перапынку падначаленыя Юргена Клопа зайгралі больш актыўна і на 51-й хвіліне Махамед Салах адыграў адзін мяч. Мінімальны разрыў пратрымаўся нядоўга – на 65-й хвіліне Вінісіус забіў свой другі гол, усталяваўшы канчатковы вынік – 3:1 на карысць „Рэала”.

У Манчэстэры лідар англійскай прэм’ер-лігі ў гульні з дортмундскай „Барусіяй” выйшаў наперад на 19-й хвіліне пасля выдатнага ўдару Кевіна Дэ Брэйнэ. На 84-й хвіліне Марка Ройс зраўняў лік, але ўтрымаць нічыю гасцям не ўдалося – на 90-й хвіліне Філ Фодэн прынёс перамогу „Манчэстэр Сіці” — 2:1. Яшчэ два чвэрцьфіналы чэмпіёнскай Лігі адбудуцца 7 красавіка. Дзеючы пераможца галоўнага кантынентальнага турніру, лідар чэмпіянату Нямеччыны мюнхенская „Баварыя” прыме ў аднаго з галоўных фаварытаў французскага першынства „Пары Сэн-Жэрмэн”. Таксама ў іспанскай Севільі партугальскі „Порту” згуляе з  лонданскім „Чэлсі”. 

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: weightlifting.by