Ілья Шымановіч заняў другое месца на этапе ISL у ЗША



Беларускі спартовец Ілья Шымановіч заняў другое месца на дыстанцыі 100 м брасам на чарговым этапе Міжнароднай лігі плавання (ISL), які прайшоў у Лас-Вегасе (ЗША).

Спаборніцтвы прайшлі ў 25-метровым басейне. Беларус пераадолеў дыстанцыю за 56,55 сек. Брытанец Адам Піці паказаў лепшы вынік. Замкнуў тройку лідараў спартовец з ЗША Нік Фінкі.

Беларуска Настасся Шкурдай не змагла ўвайсці ў тройку наймацнейшых.

Менскае „Дынама” саступіла „Амуру” ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі хабараўскаму „Амуру” ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 3:4. Варта адзначыць, што беларусы вялі 3:0 пасля 2 перыядаў і прапусцілі 4 шайбы ў трэцім. Для „зуброў” гэта дзясятая параза запар.

Лепшы бамбардзір менскага „Дынама” Тэему Пулкінен можа перайсці ў „Авангард”

Форвард менскага „Дынама” Тэему Пулкінен блізкі да сыходу з беларускага клуба. Галоўным прэтэндэнтам на 27-гадовага фіна з’яўляецца „Авангард”. Да Пулкінена і раней была цікавасць з боку шэрагу вядучых каманд КХЛ, але кожны раз „Дынама” адмаўляла. Па заканчэнні сезона ён становіцца неабмежавана вольным агентам, што робіць шанцы на яго пераход да канца снежня вельмі высокімі. Пулкінен ў гэтым сезоне з’яўляецца лепшым бамбардзірам і лепшым снайперам „Дынама”, на яго рахунку 27 (17+10) ачкоў у 32 матчах.

Аляксей Бага можа ўзначаліць азербайджанскі „Нефтчы”

Экс-настаўнік БАТЭ Аляксей Бага можа ўзначаліць азербайджанскі „Нефтчы”. Клуб можа скасаваць кантракт з італьянскім настаўнікам каманды Раберта Бардзінам. Кіраўніцтва не задаволена вынікамі каманды ў першай палове сезону. У чэмпіянаце Азербайджана „Нефтчы” ідзе другім, саступаючы лідару „Карабаху” шэсць ачкоў, а з Кубка каманда вылецела ў першай жа стадыі.

Ілья Шкурын падпісаў кантракт з маскоўскім ЦСКА

Беларускі форвард Ілья Шкурын падпісаў кантракт з маскоўскім ЦСКА. Пра гэта паведамляе Sport24. Дэталі кантракта не выдаюцца. Паводле інфармацыі трансфермаркет, нападаючы каштуе 750 тысяч еўра. Шкурын ў вышэйшай лізе-2019 правёў 26 матчаў, забіў 19 мячоў і аддаў 7 выніковых перадач.

Іван Біёнчык – асноўны кандыдат на пасаду галоўнага трэнера „Гомеля”

Як стала вядома “Прэсболу”, з вялікай доляй верагоднасці новым галоўным трэнерам „Гомеля” стане Іван Біёнчык. 34-гадовы спецыяліст у цяперашнім сезоне узначальваў „Дняпро”, з якім не здолеў захаваць прапіску ў элітным дывізіёне. „Гомель” па выніках чэмпіянату таксама вылецеў у першую лігу (Д2). А Магілёўскі „Дняпро” застаўся без гульцоў. Чатыры футбалісты, якія яшчэ былі ў камандзе, скасавалі працоўныя дамовы. Сярод іх – Юрый Казлоў, Яўген Вялько, Дзмітрый Каплуноў і Цімафей Лукашэвіч.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА