Індыян-Уэлс: мінус Азаранка і Сасновіч
Пераважна няўдалым выдаўся чарговы дзень на тэнісным турніры ў Індыян-Уэлсе для беларускіх тэнісістак на стадыі 1/32-й фіналу.
34-я ракетка свету Аляксандра Сасновіч дастаткова нечакана прайграла 114-аму нумару рэйтынга – украінцы Кацярыне Казловай – 4:6, 6:2, 0:6. Засмучае тое, што ў вырашальным сеце беларуска не злолела выйграць аніводнага (!) гейма. Такія правалы ў яе гульнях сталі сустракацца надзвычай часта, што трывожыць.
Вікторыя Азаранка (48-ы нумар жаночай асацыяцыі), якая спакваля набірае гульнёвую форму, змагалася больш зацята, але ўсё роўна саступіла сваёй адвечнай суперніцы – амерыканцы Сірэне Уільямс (10-й ракетцы свету) – 5:7, 3:6. Гэта быў першы матч тытулаваных тэнісістак пасля нараджэння дзяцей.
Позна ўвечары 9 сакавіка па беларускім часе выйшла на корт Арына Сабаленка. Яе суперніцай была аўстралійка Айла Тамлянавіч. Матч быў цікавы найперш тым, што менавіта з Аўстраліяй змагацца беларускам у чарговым матчы Кубку федэрацыі.
Сабаленка ўпэўнена выйгравала ў першай партыі 5:1, „змазала” яе канцоўку, але ўсё ж узяла сваё – 6:3. Другі сет быў адзначаны россыпам памылак беларускі. Тамлянавіч брала ачкі і павяла па геймах з лікам 4:1, 5:2. Сабаленка кінулася даганяць, амаль параўняла лік, але „падарыла” Тамлянавіч гейм на сваёй апошняй падачы – 4:6.
У заключнай партыі Сабаленка ўзялася граміць апанентку і ў выніку завяршыла матч разгромам – 6:0.
Беларускае Радыё Рацыя