Інтрыга футбольнага падзелу згасла



21-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі істотна памяняў дыспазіцыю лідараў, а таксама канчаткова падзяліў пелатон. Барысаўскі БАТЭ па-гросмайстарску разабраўся з магілёўскім “Дняпром” – 3:0. Галы на рахунку Дзяніса Палякова (25-я хвіліна), дэбютанта барысаўцаў Андрэя Якаўлева (74-я) і Міхаіла Гардзейчука (87-я). А менскае “Дынама” другую гульню запар страціла каштоўныя пункты – на сваім полі бела-блакітныя разышліся сухім мірам з жодзінскім “Тарпедам”, якое прыдбала вельмі каштоўнае ачко ў сваю скарбонку з гледзішча змагання за месца ў шасцёрцы мацнейшых. Гарадзенскі “Нёман” дамогся валявой вікторыі ў Берасці. Спярша лік адкрыў Раман Васілюк, у першым жа тайме яго параўняў Дзмітрый Рэкіш, а ў другім тайме, выйшаўшы на замену Дзмітрый Кавалёнак забіў пераможны мяч. Праўда, пазней высветлілася, што гэта была перамога толькі прэстыжу. “Гомель” у спаборы з асноўным канкурэнтам не стаў губляць часу і аформіў поспех – 1:0. Становішча ў турнірнай табліцы пасля 21 туру наступнае: 1. БАТЭ (Барысаў) – 48 ачкоў 2. “Дынама” (Менск) – 45 (і гульня ў запасе) 3. “Нафтан” (Наваполацк) – 37 4. “Шахцёр” (Салігорск) – 32 5. “Гомель” – 31 6. “Тарпеда БелАЗ” (Жодзіна) – 30 7. “Нёман” (Гародня) – 27 8. ФК “Менск” – 26 9. “Слуцк” – 21 10. “Дынама” (Берасце) – 19 11. “Белшына” (Бабруйск) – 15 12. “Дняпро” (Магілёў) – 12 Такім чынам інтрыга падзелу на шасцёркі мацнейшых і слабейшых развязалася заўчасна. 22-і тур стане пераважна фармальнасцю. Беларускае Радыё Рацыя