Іранцы даюць 1 млн даляраў на будаўніцтва цэнтра па мастацкай гімнастыцы ў Менску



Іранская кампанія „Кейсан” выдзеліць 1 млн долараў на будаўніцтва ў Мінску Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы. Адпаведная норма замацаваная ў прэзідэнцкім указе № 119, які афіцыйна апублікаваны 14 красавіка.

Згодна з указам мільён долараў іранская кампанія павінна пералічыць у беларускі бюджэт у 2017 годзе.

Цэнтр па мастацкай гімнастыцы на праспекце Пераможцаў плануецца ўвесці ў строй да сярэдзіны 2018 года.

Падпісаны ўказ дае права кампаніі „Кейсан” адносіць гэту суму на затраты пры будаўніцтве шматфункцыянальнага гасцінічна-дзелавога комплексу („Магніт Мінска”) на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Каліноўскага.

Варта адзначыць, што гэты шматфункцыянальны комплекс планавалася ўвесці ў эксплуатацыю ў 2013 годзе, аднак з-за праблем з фінансаваннем, якія ўзніклі ў забудоўшчыка, тэрмін здачы аб’екта быў перанесены на 2016 год. У той жа час па ўказе № 119 будаўніцтва „Магніта Мінска” перанесена на 2018 год.

Нагадаем, днём раней, 13 красавіка, быў апублікаваны ўказ, які пралангаваў тэрмін здачы ў эксплуатацыю іншага даўгабуда — шматфункцыянальнага комплексу каля Белдзяржцырка, будаўніцтва якога вядзецца ў Мінску з 2011 года. Згодна з указам будаўнічыя работы на аб’екце павінны быць завершаны ў 2020 годзе. Першапачаткова планавалася, што комплекс будзе здадзены ў эксплуатацыю ў 2014 годзе.

Як паведамлялася раней, пытанне аднаўлення будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу каля Белдзяржцырка абмяркоўвалася 12 студзеня падчас сустрэчы старшыні праўлення расійскага „Ашчадбанка” Германа Грэфа з Аляксандрам Лукашэнкам.

Па выніках перамоў Грэф паведаміў журналістам, што „Ашчадбанк” укладзе ў Беларусі больш за 100 млн долараў у аб’екты нерухомасці, у тым ліку плануе прафінансаваць недабудаваны комплекс каля Белдзяржцырка. Пры гэтым банк мае намер прадаць тыя аб’екты, будаўніцтва якіх будзе фінансаваць.

Фота minsknews.by