Ірына Курачкіна стала пераможцай асабістага Кубка свету па жаночай барацьбе



Беларуска Ірына Курачкіна стала пераможцай асабістага Кубка свету па жаночай барацьбе ў сербскім Бялградзе. У фінальнай сутычцы, Ірына Курачкіна, якая выступае ў вагавай катэгорыі 55 кг, святкавала перамогу над немкай Анэке Вэндле. Зарабіўшы перавагу ў два балы на старце вырашальнага паядынку, беларуска спакойна кантралявала сітуацыю на дыване да фінальнага свістка, які зафіксаваў перамогу бабруйчанкі – 9:0.

Яшчэ адным медалём скарбонку беларускай зборнай па жаночай барацьбе папоўніла Заліна Сідакова (у вазе 53 кг), якая ў сутычцы за бронзу нанесла паразу турчанцы Зейнэп Етгіл — 3:0.

„Цмокi-Менск” саступілі „Хапаэлю” у Лізе чэмпіёнаў

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” саступілі ізраільскаму „Хапаэлю” у хатнім паядынку групавога этапу Лігі чэмпіёнаў – 71:75. Самым выніковым у складзе менчан стаў Андрэй Рагозенка, які набраў 15 ачкоў. На мінулым тыдні мінскія „цмокі” абыгралі ізраільскую каманду на яе арэне з перавагай у дзесяць ачкоў – 79:69. Свой наступны матч кваліфікацыйнай групы С чэмпіёнскай Лігі „Цмокi-Менск” правядуць 5 студзеня ў гасцях у баскетбалістаў „Шале”. Турнірнае становішча пасля чатырох гульнявых дзён: АЕК – 7 ачкоў, „Цмокi-Мiнск” і „Хапаэль” – 6, „Шале” — 5 ачкоў. Па выніках групавога раўнда ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў выйдуць па дзве лепшыя каманды з васьмі квартэтаў.

„Крумкачы” прайгралі „Слуцку” у першым пераходным матчы чэмпіянату Беларусі

Менскія „Крумкачы” прайгралі „Слуцку” першы з двух пераходных паядынкаў за права гуляць у наступным сезоне ў вышэйшай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі. Сустрэча ў сталічным футбольным манежы прайшла з перавагай гасцей, якія забілі па голу ў кожным тайме. У самым канцы першай паловы гульні лік адкрыў Ігар Бабко, а на 79-й хвіліне Абдул Гафараў з пенальці ўсталяваў канчатковы лік. Матч у адказ адбудзецца 19 снежня на поле слуцкай каманды. У гэтым сезоне футбалісты „Слуцка” занялі 14-е месца ў элітным дывізіёне нацыянальнага першынства, а „Крумкачы” фінішавалі трэцімі ў першай лізе. Прамыя пуцёўкі ў вышэйшую лігу заваявалі рэчыцкі „Спутнік” і „Гомель”. Гэтыя каманды заменяць двух няўдачнікаў эліты – бабруйскую „Белшыну” і „Смалявічы”.

Ілля Шкурын дыскваліфікаваны на адзін матч

Беларускі форвард ЦСКА Ілля Шкурын дыскваліфікаваны на адзін матч. Пра гэта паведаміў кіраўнік кантрольна-дысцыплінарнага камітэта РФС Артур Грыгар’янц. У канцоўцы матчу 18-га тура чэмпіянату Расеі з „Уралам”, які завяршыўся з ліка 2:2, Шкурын атрымаў чырвоную картку за фол супраць паўабаронцы суперніка Аляксея Яўсеева. У пратаколе матчу эпізод з яго выдаленнем ахарактарызаваны як „сур’ёзнае парушэнне правілаў – атака суперніка з ужываннем празмернай сілы прамой нагой з адкрытай ступнёй (шыпамі) у нагу ў барацьбе за мяч”. З-за выдалення нападнік дыскваліфікаваны на запланаваны на 17 снежня матч 19-га тура ЦСКА супраць „Растова”.

Гандбалісткі Харватыі і Францыі прабіліся ў паўфінал чэмпіянату Еўропы

Гандбалісткі зборных Харватыі і Францыі прабіліся ў паўфінал жаночага чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у Даніі. У сваім апошнім паядынку другога групавога этапу харваткі абыгралі свайго канкурэнта ў барацьбе за выхад у квартэт суіскальнікаў узнагарод каманду Нямеччыны з лікам 23:20. Гандбалісткі Нідэрландаў разграмілі каманду Румыніі з лікам 35:24.

Беларускае Радыё Рацыя