Ірына Курачкіна забяспечыла сабе мінімум срэбра Алімпіяды



Ірына Курачкіна, якая ў паўфінале перамагла Эвелін Нікалаву з Балгарыі, забяспечыла сабе мінімум срэбра Алімпіяды ў турніры па жаночай барацьбе. Беларуска з самага пачатку захапіла ініцыятыву і дабілася датэрміновай перамогі. Пратэсты трэнераў зборнай Балгарыі сітуацыю не змянілі – 11:0 на карысьць Ірыны Курачкінай.

Максіма Мірнага не выбралі ў камісію спартоўцаў МАК

Былы першы нумар сусветнага тэніснага парнага рэйтынгу Максім Мірны не абраны ў камісію спартоўцаў МАК. Выбары прайшлі ў Токіо падчас Алімпіяды. На чатыры вакантных месцы прэтэндавалі 30 кандыдатаў, адным з іх быў беларус Мірны. Выбары ў выніку выйгралі іспанскі баскетбаліст Па Газоль, італьянская плыўчыха Федэрыка Пелегрыні, японскі фехтавальшчык Юкі Ота і польская велагоначніца Мая Влашчоўска.

Марына Літвінчук і Вольга Худзенка выйшлі ў паўфінал у байдарках-адзіночках на 500 метраў

Беларускі Марына Літвінчук і Вольга Худзенка выйшлі ў паўфінал у спаборніцтвах байдарак-адзіночак на 500 метраў на Алімпіядзе ў Токіо. Літвінчук ў сваім кваліфікацыйным заплыве заняла другое месца, Худзенка была трэцяй. Трапленне ў тройку забяспечвала прамую пуцёўку ў паўфінал, які пройдзе 5 жніўня.

Дар’я Кулагіна і Васіліна Хандошка занялі 11-е месца ў фінале дуэтаў АГ-2020

Беларускі Дар’я Кулагіна і Васіліна Хандошка выступілі з праграмай „Ведзьмы” і занялі 11-е месца ў фінале дуэтаў па сінхронным плаванні. Алімпійскімі чэмпіёнкамі сталі расейкі Святлана Калеснічэнка і Святлана Рамашына. Серабро ў кітайскай пары Сюэчэнь Хуан/Веньянь Сунь, бронза ў украінскіх спартовак Марты Федзінай і Анастасіі Саўчук.

Лаша Талахадзе перамог на Алімпіядзе з трыма рэкордамі свету

Цяжкаатлет Лаша Талахадзе выйграў на Алімпійскіх гульнях у Токіо ў вагавай катэгорыі звыш 109 кг з рэкордамі свету ў рыўку, штуршку і суме. Прадстаўнік Грузіі ўзяў агульную вагу 488 кг (223 кг у штуршку 265 кг у рыўку). Срэбра заваяваў іранец Алі Давуд, бронзу – сірыец Ман Асаад.

Джэк Грыліш падпіша кантракт з „Манчэстар Сіці” на пяць гадоў

Паўабаронца Джэк Грыліш, які гуляе ў складзе „Астан Вілы”, блізкі да пераходу ў „Манчэстар Сіці”. Ён падпіша кантракт з „гараджанамі” на пяць гадоў. Сума трансферу складзе 100 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. 25-гадовы ангелец можа стаць самым дарагім брытанскім футбалістам у гісторыі, паведамляе The Guardian. У мінулым сезоне Грыліш згуляў 27 матчаў ва ўсіх турнірах, забіў сем мячоў і зрабіў 12 выніковых перадач.

Беларускае Радыё Рацыя