Ірына Жук усталявала нацыянальны рэкорд у скачках з шостам у памяшканні



Спартоўка з Гарадзенскай вобласці Ірына Жук усталявала новы нацыянальны рэкорд у скачках з шостам у памяшканні на Кубку Беларусі ў Гомелі. Вышыня 4 м 66 см скарылася ёй з другой спробы.

Такім чынам Ірына Жук на 1 см палепшыла лепшы вынік сярод лёгкаатлетак краіны ў дадзеным відзе праграмы, які належыў ёй жа.

Што тычыцца астатніх вынікаў у суперніцтве жанчын, то Анастасія Мірончык-Іванова з каманды Менскай вобласці стала мацнейшай сярод скакух у даўжыню з вынікам 6 м 51 см. У трайным скачку перамагла таксама прадстаўніца Менскай вобласці Ірына Васькоўская, якая паляцела ў чацвёртай спробе на 13 м 69 см. У скачках у вышыню першынствавала Карына Дзямідзік з дружыны Берасцейскай вобласці – 1 м 90 см.

У бегу на 60 м не было роўных Святлане Парахоньцы з Віцебскай вобласці. Спартоўка першынствавала на дадзенай дыстанцыі як у стартах з бар’ерамі, так і ў „гладкім” бегу. Спаборніцтвы на 200 м лепш удаліся Юліі Блізьнюк з Гомельскай вобласці. На дыстанцыі ўдвая даўжэйшай перамагла Астэрыя Ліма з Менска. На дыстанцыі 800 м не было роўных Паліне Кібэрэвай з Гарадзенскай вобласці.

Старты на 1500 м завяршыліся трыумфам Таццяны Шабанавай. Яна ж перамагла ў стартах на 3000 м з перашкодамі. У спаборніцтвах на 3000 м без перашкод вікторыю святкавала Анастасія Палуян з Магілёўскай вобласці. У штурханні ядра перасягнула сваіх суперніц Юлія Леанцюк, у лепшай спробе яна адправіла снарад на 16 м 51 см. З улікам вынікаў мужчын галоўны трафей спаборніцтваў дастаўся камандзе Берасцейскай вобласці.

2000-м падпісантам звароту свабодных спартоўцаў стала Яна Максімава

У чацвер Яна Максімава стала чэмпіёнкай Беларусі ў пяцібор’і. Таксама Яна – жонка вядомага лёгкаатлета Андрэя Краўчанкі, які таксама падпісаў ліст свабодных спартоўцаў. Усяго ў спісе цяпер 2050 падпісантаў. Тым часам стала вядома, што 28 чалавек прадставяць спорт на Усебеларускім сходзе. Сярод іх кіраўнік ФК БАТЭ Андрэй Капскі, прызёры Алімпіяд Сяргей Новікаў, Наталля Цылінская, Анастасія Пракапенка, Антаніна Кошаль. Падпісанты звароту свабодных спартоўцаў у іх лік не ўвайшлі.

Менскае «Дынама» прайграла дома маскоўскаму ЦСКА

Менскае «Дынама» прайграла дома маскоўскаму ЦСКА з лікам 2:4. У першым перыядзе лік адкрыў Аляксей Протас. Лідарства менчукі ўтрымлівалі да сярэдзіны другога перыяду, але затым шайбу ў браму гасцей закінуў Канстанцін Акулаў. Ключавым жа аказаўся старт трэцяй дваццаціхвілінкі. Ужо да 43-й хвіліны ЦСКА вёў з розніцай у дзве шайбы. Спачатку дубль аформіў Акулаў, а затым закінуў Максім Соркін. На 55-й хвіліне форвард гасцей Андрэй Светлакоў зняў усе пытанні пра пераможцу матчу, але на апошняй хвіліне Арцём Дзямкоў ўсё ж такі адыграў адну шайбу — 2:4. Дынамаўцы пацярпелі дзявятую паразу запар ад ЦСКА ў сценах „Мінск-Арэны”.

Беларускія канькабежкі сталі шостымі ў каманднай гонцы на этапе Кубка свету

Беларускія канькабежкі сталі ў складзе з Таццянай Міхайлавай, Марынай Зуевай і Кацярына Слоевай сталі шостымі ў каманднай гонцы на этапе Кубка свету, які стартаваў у нідэрландскім Херэнвене. Выйграла зборная Канады. Другое месца занялі канькабежкі Нідэрландаў. Бронзу заваявалі нарвежскія спартоўкі.  У аналагічнай дысцыпліне ў мужчын беларусы Віктар Рудэнка, Ягор Дамарацкі і Яўген Балгоў занялі дзявятае месца, а перамаглі нарвежцы.

Аляксандр Кулакоў стаў аднаклубнікам Ігара Брыкуна

Беларускі форвард Аляксандр Кулакоў падпісаў кантракт з польскім „Падхале”. У актыве Кулакова 517 матчаў у чэмпіянаце Беларусі, у якіх ён набраў 276 (103 + 173) ачкоў. Нападнік чатыры разы браў золата нацыянальнага першынства: двойчы з „Юнацтвам”, па разу з „Керамінам” і менскім „Дынама”. У складзе зборнай Беларусі Кулакоў выступаў на дзевяці чэмпіянатах свету і Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы.

Колеры „Падхале” таксама абараняе беларускі брамнік Ігар Брыкун. У турнірнай табліцы каманда ідзе на шостым месцы, – піша hockey.by.

Швейцарскі біятланіст Марцін Ягер выйграў спрынт на ЧЕ ў Польшчы

Швейцарскі біятланіст Марцін Ягер выйграў мужчынскую спрынтарскую гонку на чэмпіянаце Еўропы, які працягваецца ў польскім горадзе Душнікі-Здруй. Швейцарац не меў асечак на стрэльбішчы і пераадолеў 10 км з двума агнявымі рубяжамі за 27 хвілін 19,2 секунды. Расеец Саід Карымула Халілі заняў другое месца, таксама страляў без промахаў, але саступіў пераможцу 7,3 секунды. На трэцяй пазіцыі размясціўся немец Ёханэс Кюн. Лепшым з беларусаў стаў Раман Елетнаў – 19-е месца з адставаннем 52,1 секунды і 2 промахі на стрэльбішчы. Сёння адбудуцца мужчынская і жаночая гонкі пераследу.

Гандбалісты зборнай Швецыі і Даніі сталі першымі фіналістамі чэмпіянату свету

На мужчынскім гандбольным чэмпіянаце свету ў Егіпце вызначыліся ўдзельнікі медальных паядынкаў. У першым паўфінале гандбалісты Швецыі ўпэўнена перайгралі бронзавага прызёра мінулага сусветнага першынства зборную Францыі 32:26.  Зборная Даніі перайграла каманду Іспаніі з лікам 35:33.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Аляксандры Крупскай