Ірына Жук усталявала рэкорд Беларусі ў скачках з шостам у памяшканні



У Мадрыдзе праходзіць міжнародны лёгкаатлетычны турнір. У сектары па скачках з шостам беларуска Ірына Жук усталявала новы нацыянальны рэкорд — 4 метры 67 сантыметраў. 

Ранейшае вышэйшае дасягненне для залаў належала ёй жа і было на сантыметр меньш.

Валейбалісткі „Мінчанкі” абыгралі „Туліцу” ў матчы расейскай суперлігі

Валейбалісткі „Мінчанкі” абыгралі „Туліцу” ў перанесеным матчы восьмага тура расейскай суперлігі. Каманда Станіслава Салікава ўзяла верх з лікам 3:0. Дзякуючы гэтай перамозе менскі клуб падняўся на дзясяты радок турнірнай табліцы з васьмю перамогамі пасля 21 матча. На рахунку шматразовых чэмпіёнак Беларусі 23 ачкі. У паядынку 25-га тура, які адбудзецца 27 лютага, каманда Станіслава Салікава прыме ў хатнім матчы лідара суперлігі маскоўскае „Дынама”.

Ягор Шаранговіч трэніруецца з асноўным складам „Нью-Джэрсі”

Форвард Ягор Шаранговіч на апошняй трэніроўцы „Нью-Джэрсі” займаўся з асноўным складам. Такім чынам, можна меркаваць, што беларус, які быў адпраўлены ў запас і прапусціў дзве сустрэчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ, зможа прыняць удзел у бліжэйшым паядынку супраць „Бафала”.

Матч за Суперкубак Беларусі пройдзе з гледачамі

Матч за Суперкубак Беларусі, у якім сустрэнуцца БАТЭ і „Шахцёр”, пройдзе з гледачамі. Сустрэча будзе згуляная 2 сакавіка на стадыёне ФК „Мінск” і пачнецца ў 19.00. На арэне будзе дзейнічаць масачны рэжым. Па рашэнні БФФ, для заўзятараў БАТЭ і «Шахцёра» выдзелена па 325 білетаў. Усяго даступны 1500 квіткоў коштам 6 рублёў.

«Аталанта» ў меншасці прайграла «Рэалу»

У першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў УЕФА італьянская «Аталанта» прымала мадрыдскі «Рэал» у Бергама і саступіла з лікам 0:1 .  Першы тайм атрымаўся складаным для «Аталанты». Да перапынку італьянская каманда засталася без двух гульцоў стартавага складу. На 17-й хвіліне матчу прамую чырвоную картку атрымаў паўабаронца гаспадароў Рэма Фройлер за фол на Ферлане Мендзі. А на 30-й хвіліне пашкоджанне атрымаў нападнік Дувала Сапата. У другім тайме гульня цалкам праходзіла пад дыктоўку «Рэала». «Аталанта» ў меншасці не магла нічога супрацьпаставіць знакамітаму суперніку. На 86-й хвіліне сустрэчы левы абаронца «Рэала» Ферлан Мендзі забіў гол ударам з сярэдняй дыстанцыі. Гэта першы гол француза за мадрыдскі клуб у Лізе чэмпіёнаў.

У Будапешце на «Пушкаш Арэне»  „Барусія Мёнхенгладбах»   прайграла «Манчэстар Сіці» 0:2. Лік быў адкрыты на 29-хвіліне матчу – абаронца «Сіці» Жаау Кансэлу з левага фланга выразаў шыкоўную падачу ў штрафную за спіны абаронцам «Барусіі» на Бярнарду Сілву, які галавой пераправіў мяч у сетку.  На 65-й хвіліне, той жа Бярнарду Сілва ў штрафной скінуў мяч на нападніка Габрыэла Жэзуса, які ў барацьбе падвоіў перавагу «гараджанаў». Матчы у адказ адбудуцца 16 сакавіка.

„Тотэнхэм” стаў першым удзельнікам 1/8 фіналу футбольнай Лігі Еўропы

Футбалісты англійскага „Тотэнхэма” сталі першымі ўдзельнікамі 1/8 фіналу Лігі Еўропы. У паядынку ў адказ 1/16 фіналу англійскі клуб абыграў у Лондане гасцей з аўстрыйскага „Вольфсберга” з лікам 4:0. На 11-й хвіліне гульні вызначыўся Дэлі Алі, у другой палове сустрэчы галявы дубль аформіў Карлас Вінісіус, а яшчэ адзін мяч забіў Гарэт Бэйл. У першым матчы, які адбыўся на мінулым тыдні ў Будапешце, „Тотэнхэм” таксама выйграў з буйным лікам – 4:1.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя