Ірына Жук усталявала рэкорд Беларусі ў скачках з шастом на этапе „Брыльянтавай лігі”



Лёгкаатлетка з Гародні Ірына Жук усталявала новы рэкорд Беларусі ў скачках з шастом у спаборніцтвах на адкрытым паветры падчас этапу „Брыльянтавай лігі” ў катарскай Досе.

Беларуска ў другой спробе скокнула на 4 м 74 см. На жаль, гэтага не хапіла, каб апынуцца на п’едэстале. Бронзавая медалістка турніру, брытанка Холі Брэдшоў, а таксама грачанка Кацярына Стэфанідзі і славенка Ціна Шутэй абышлі Ірыну Жук па колькасці спробаў. Перамогу святкавала амерыканка Кэці Наджат з вынікам 4 м 84 см. Гэта лепшы вынік сезона ў свеце.

Скакун у вышыню Максім Недасекаў заняў сёмае месца. Вынік беларускага спартоўца – 2 м 24 см. Перамог  расіянін Ілля Іванюк, які выступаў у нейтральным статусе, – 2 м 33 см. Ён змог паказаць гэты вынік з першай жа спробы.

Данія перамагла Беларусь на Чэмпіянаце свету па хакеі

Зборная Беларусі па хакеі пацярпела трэцюю запар паразу на чэмпіянаце свету ў Латвіі. На гэты раз падначаленыя Міхаіла Захарава саступілі Даніі – 2:5. У самым пачатку матчу Арцём Дзямкоў адкрыў лік, але даволі хутка супернік закінуў шайбу ў адказ. У сярэдзіне другога перыяду Міхаіл Стэфановіч зноў вывеў беларусаў наперад, што дазволіла ім уцячы на перапынак лідарамі, але ў заключнай трэці датчане не пакінулі беларусам ніякіх шанцаў, закінуўшы адразу чатыры шайбы. Пасля пяці матчаў зборная Беларусі займае апошняе месца ў групе А. Наперадзе ў яе матчы са Швейцарыяй 30 траўня і расіянамі 1 чэрвеня. Па рэгламенце сёлета ніводная з каманд не вылятае з вышэйшага дывізіёна.

У іншых матчах дня нарвежскія хакеісты абыгралі латвійцаў па булітах з лікам 4:3. Канадскія хакеісты абыгралі каманду Казахстана 4:2. Зборная Швецыі выйграла ў брытанцаў 4:1.

Футбалісты „Руху” выйгралі ў менскага „Дынама” ў чэмпіянаце Беларусі

Менскае „Дынама” пацярпела другую паразу запар у матчах футбольнага чэмпіянату Беларусі. На поле сталічнага стадыёна „Дынама” гаспадары саступілі гасцям з берасцейскага „Руху” з лікам 0:1. Адзіны мяч у гэтай сустрэчы забіў Дзяніс Лапцеў, які вызначыўся на 55-й хвіліне. У мінулым туры дынамаўцы з такім жа вынікам саступілі ў гасцях лідару першынства салігорскаму „Шахцёру”. У іншым паядынку пятніцы „Віцебск” разграміў на сваім полі гасцей са „Смаргоні” 5:0. Дубль аформіў Антон Мацвеенка.

Сёння  „Шахцёр” згуляе ў Жодзіне з мясцовым „Тарпеда-БелАЗам”.  БАТЭ на поле „Барысаў-Арэны” прыме мазырскую „Славію”. У Гародні футбалісты „Нёмана” сустрэнуцца з рэчыцкім „Спутнікам”.

ВРЗ перамог „Сталіцу” у паўфінале чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Гомельскі ВРЗ адолеў мінскую „Сталіцу” у першым матчы паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Асноўны час сустрэчы ў Гомелі завяршылася ўнічыю – 1:1, пасля авертайму пераможца таксама не быў вызначаны – 3:3. І толькі ў серыі пасляматчавых пенальці ВРЗ вырваў перамогу – 5:4. Паўторная гульня серыі да дзвюх перамог адбудзецца 1 чэрвеня ў Менску. У другім паўфінале пераможца рэгулярнага сезону, дзеючы чэмпіён краіны аршанскі „Вітэн” будзе сапернічаць з гомельскім клубам БЧ. Іх першы паядынак адбудзецца сёння ў Оршы, а 2 чэрвеня ў Гомелі пройдзе другая сустрэча.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА