Ірына Жук выйграла турнір у Францыі
Беларуская лёгкаатлетка Ірына Жук стала пераможцай турніру Perche Elite Tour у французскім Няверы.
Спаборніцтвы ў сектары для скачкоў з шастом спартоўка з Гародні пачала з вышыні 4 метры 43 сантыметры, затым узяла 4 метры 52 сантыметры, а перамогу ёй прынесла ўдалая спроба на вышыні 4 метры 60 сантыметраў. Пасля гэтага Ірына Жук паспрабавала пераадолець планку на вышыні 4 метры 70, але гэта ёй не ўдалося. Другое месца заняла кубінская спартоўка Ярыслей Сільва (4 м 52 см), трэцяй стала кітаянка Ксю Хуэйцінь (4 м 43 см). Наступны старт гэтай серыі турніраў Ірына Жук правядзе 5 лютага ў французскім Туркуэнэ.
Гандбалісты Швецыі пяты раз сталі чэмпіёнамі Еўропы
Гандбалісты зборнай Швецыі пяты раз сталі чэмпіёнамі Еўропы. У фінальным паядынку кантынентальнага першынства ў Будапешце шведы ва ўпартай барацьбе з лікам 27:26 перамаглі каманду Іспаніі, якая выйгравала два папярэднія Чэмпіянаты Еўропы. Зборная Іспаніі чацвёрты раз запар гуляла ў фінале Еўра, а для гандбалістаў Швецыі сёлетні фінальны паядынак стаў шостым у гісторыі, зараз у іх актыве 5 чэмпіёнскіх тытулаў. У гульні за бронзавыя ўзнагароды зборная Даніі перайграла ў дадатковы час каманду Францыі з лікам 35:32. Датчане ўзялі рэванш у французаў за паразу ў фінале такійскай Алімпіяды.
„Нёман” перамог „Віцебск”
Гарадзенскі „Нёман” на хатнім лёдзе абыграў „Віцебск” з лікам 3:2.
У першым перыядзе гледачы закінутых шайб не ўбачылі.
На старце другога перыяду Мікіта Ядроец адкрыў лік у матчы. Ілля Камбовіч на 27-й хвіліне сустрэчы павялічыў перавагу сваёй каманды. Хакеісты „Нёмана” змаглі ў другой дваццаціхвілінцы адыграць адну шайбу, вызначыўся Аляксандр Маляўка.
У заключным перыядзе Мікіта Рэмезаў зраўняў лік, а Аляксей Фурса вывеў гаспадароў наперад і ўсталяваў канчатковы лік на табло – 3:2.
Адзначым, што „Нёман” перапыніў серыю з трох паразаў запар. У іншых матчах „Гомель” прайграў „Металургу” 2:4. Салігорскі „Шахцёр” на хатнім лёдзе ў серыі булітаў саступіў менскаму „Юнацтву” 3:4.
Рафаэль Надаль другі раз стаў пераможцам Australian Open
Іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль другі раз у кар’еры выйграў адкрыты чэмпіянат Аўстраліі. У вырашальным паядынку іспанец абыграў расіяніна Данііла Мядзведзева – 2:6, 6:7 (5:7), 6:4, 6:4, 7:5. Сустрэча працягвалася 5 гадзін 25 хвілін. Прайграўшы дзве партыі, Рафаэль Надаль здолеў сабрацца і выйграў тры сэты запар. У актыве пераможца 23 эйсы пры ўсяго трох у суперніка. Данііл Мядзведзеў другі раз запар прайграў у фінале Australian Open: год таму ён саступіў сербу Новаку Джокавічу. Для Рафаэля Надаля гэта быў шосты фінальны паядынак аўстралійскага першынства.
Беларускае Радыё Рацыя