Ірына Жук заняла другое месца ў скачках з шостам



Беларуска Ірына Жук заняла другое месца ў скачках з шостам на этапе Брыльянтавай лігі ў Італіі. Рэкардсменка краіны ўзяла вышыню 4 метры 71 сантыметр. Перамогу святкавала Анжаліка Сідарава з вынікам 4 метры 91 сантыметр. Эльвіра Герман заняла трэцяе месца ў забегу на 100 метраў з бар’ерамі. Наша суайчынніца паказала свой лепшы вынік у сезоне – 12, 85 секунды. Беларуска Анастасія Мірончык-Іванова стала пятай у скачках у даўжыню. У лепшай спробе спартоўка „паляцела” на 6 метраў 61 сантыметр, гэта яе лепшы вынік у сезоне. Максім Недасекаў стаў шостым у скачках у вышыню. Ён узяў планку на вышыні 2 метры 27 сантыметраў.

Бушкоў перайшоў з „Гурніка” у „Тарнув”

38-гадовы беларус Аляксандр Бушкоў перайшоў з гандбольнага клуба „Гурніка”, колеры якога абараняў 12 гадоў, у „Тарнув”. Кантракт з ветэранам разлічаны на два сезоны, інфармуе spr-tarnow.pl. У 283 матчах чэмпіянату Польшчы Бушкоў закінуў 736 мячоў.

Жаночая зборная прайграла пяць з шасці таварыскіх матчаў перад Еўрабаскетам

Жаночая зборная Беларусі правяла таварыскі матч супраць Расеі, які прайграла – 56:65. У рамках падрыхтоўкі да Чэмпіяната Еўропы 25 і 26 траўня ў Стамбуле Беларусь таксама прайграла спарынгі з Турцыяй 52:56, 67:70, з Расеяй 36:74, а з Чэхіяй прайгралі 59:71 і перамаглі 57:54. Такім чынам, падначаленыя Наталлі Трафімавай прайгралі пяць з шасці сустрэч.

Баскетбалісты ЦСКА сталі пераможцамі Адзінай лігі ВТБ

Баскетбалісты маскоўскага ЦСКА ў 11-ы раз сталі пераможцамі Адзінай лігі ВТБ. У трэцім паядынку фінальнай серыі за чэмпіёнскі тытул з казанскім Уніксам армейцы выйгралі на сваёй пляцоўцы 89:81. У Казані ў двух першых матчах серыі да трох перамог баскетбалісты ЦСКА таксама былі мацнейшыя – 85:77 і 76:57.

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск”, нагадаю, правялі сезон „банкаўскага” турніру няўдала: у 24 гульнях яны святкавалі ўсяго тры перамогі і занялі апошняе, 13-е, месца.

Крэйчыкава і Паўлючэнкава згуляюць у фінале адкрытага чэмпіянату Францыі

Чэшская тэнісістка Барбара Крэйчыкава прабілася ў фінал жаночага адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату Францыі. У паўфінале чэшка адолела ў трохсэтавым паядынку грэцкую тэнісістку Марыю Саккару (18) – 7:5, 4:6, 9:7. Сустрэча працягваўся 3 гадзіны 18 хвілін.

У суботу ў вырашальным паядынку 120-га французскага першынства Крэйчыкава згуляе з расійскай тэнісісткай Настай Паўлючэнкавай, якая ў паўфінале перайграла славенку Тамару Зіданшэк – 7:6, 6:3. Раней на гэтым турніры Анастасія Паўлючэнкава выбіла з барацьбы двух беларусак – Арыну Сабаленку і Вікторыю Азаранку. Абедзве фіналісткі ўпершыню дабраліся да вырашальнага паядынку адзіночнага разраду „Ралан Гарос”.

Чэмпіянат Еўропы па футболе сёння адкрывае матч Турцыя – Італія

Сёння стартуе чэмпіянат Еўропы па футболе. У матчы адкрыцця сустрэнуцца зборныя Турцыі і Італіі. Гульня пройдзе на Алімпійскім стадыёне ў Рыме і стартуе ў 22 гадзіны па беларускім часе. Каманды гуляюць у групе A разам са Швейцарыяй і Уэльсам, якія правядуць свой матч заўтра. Еўра-2020 стане першым у гісторыі чэмпіянатам Еўропы, які пройдзе адразу ў дзесяці краінах.

Беларускае Радыё Рацыя