„Іслач” абыграла „Мінск” у чэмпіянаце Беларусі па футболе
На футбольным чэмпіянаце Беларусі прайшлі чарговыя сустрэчы 6-га тура. У першай з іх „Іслач” абыграла ў Маладэчне футбалістаў „Мінска” з лікам 2:0. Абодва мячы былі забітыя ў першай палове гульні: на 19-й хвіліне лік адкрыў Герман Баркоўскі, а незадоўга да перапынку Дзмітрый Лісаковіч усталяваў канчатковы лік. Берасцейскае „Дынама” згуляла ўнічыю з „Арсеналам” у хатнім матчы 0:0. Берасцейцы ні разу не перамаглі ў шасці турах новага сезона, „кананіры” таксама пакуль не выйгравалі. Заключныя гульні 6-га тура адбудуцца сёння. У цэнтральным паядынку лідар першынства барысаўскі БАТЭ, які не страціў яшчэ ніводнага ачка, згуляе на выездзе з менскім „Дынама”, якое ідзе другім. Акрамя таго, „Віцебск” прыме ў сябе дома магілёўскае „Дняпро”, у Гародні мясцовы „Нёман” згуляе са сталічным „Энергетыкам-БДУ”, а ў Салігорску дзеючы чэмпіён краіны „Шахцёр” сустрэнецца з „Гомелем”.
„Барселона” абыграла „Мальёрку” і паднялася на другое месца
„Барселона” святкавала перамогу над „Мальёркай” у матчы 34-га тура чэмпіянату Іспаніі. Каталонцы адолелі суперніка з лікам 2:1. Нападнік Мэмфіс Дэпай забіў за „Барселону” ў Прымеры ўпершыню амаль за два месяцы. 28-гадовы форвард адкрыў лік у гэтай сустрэчы. Другі гол забіў капітан каманды Серхіа Бускец. „Барса” набрала 66 ачкоў і ўзнялася на другое месца ў турнірнай табліцы. Нагадаем, што „Рэал” ужо гарантаваў сабе чэмпіёнскі тытул.
Футбалісты „Арсенала” перайгралі „Вэст Хэм” 2:1 у лонданскім дэрбі, якое адбылося ў 35-м туры чэмпіянату Англіі. „Чэлсі” нечакана саступіў на выездзе «Эвертану» 0:1. “Тотэнхэм” быў мацней за «Лестэр» 3:1. Футбалісты „Інтэра” перамаглі 2:1 ў гасцявым паядынку 35-га тура чэмпіянату Італіі „Удзінэзэ”. У складзе „Інтэра” вызначыліся Іван Перышыч і Лаўтара Марцінэс. „Рома” ў хатнім матчы 35-га тура чэмпіянату Італіі згуляла ўнічыю з „Балоньяй” — 0:0 і за тры туры да заканчэння чэмпіянату займае пятае месца ў табліцы серыі „А”.
Зборная Беларусі па хакеі прайграла Расеі ў таварыскім матчы
Зборная Беларусі па хакеі саступіла камандзе Расеі ў першым таварыскім матчы, які прайшоў у Туле. Адну з шайб ва ўжо апусцелую брамку правёў галкіпер зборнай Расеі Дзмітрый Нікалаеў. Вынік – 5:2 на карысць гаспадароў. Другая таварыская сустрэча паміж камандамі ў Туле пройдзе сёння, 2 траўня, пачатак – у 16.00. Пасля гэтага падначаленыя Вудкрафта адправяцца ў Санкт-Пецярбург, дзе з 5 па 8 траўня прымуць удзел у турніры супраць нацыянальнай і маладзёжнай зборных Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя