„Іслач” і «Дынама» Берасце дагульвалі матч Кубка Беларусі без 4-х выдаленых
Першая сустрэча каманд у рамках 1/4 фіналу турніру скончылася з лікам 0:0. Галоўны арбітр сустрэчы з Гародні Віталь Севасцьянік паказаў чатыры чырвоныя карткі – супернікі завяршалі паядынак у фармаце «9 на 9».
На 37-й хвіліне быў выдалены гулец „Іслачы” Дзмітры Камароўскі, на 51-й і 72-й хвіліна поле пакінулі Павел Савіцкі і Алег Вераціла з берасцейскага «Дынама», на 82-й – Сяргей Карповіч. Сустрэча ў адказ адбудзецца на стадыёне футбольнага клуба «Мінск» 15 сакавіка.
«Тотэнхэм» вылецеў з Лігі чэмпіёнаў
Лонданскі «Тотэнхэм» вылецеў з Лігі чэмпіёнаў на стадыі 1/8 фіналу, прайграўшы «РБ Лейпцыгу» і ў матчы ў адказ – 0:3. Першая гульня завяршылася ў Лондане перамогай нямецкага клуба з лікам 1:0, а ў сустрэчы ў адказ усё было вырашана ўжо да 21-й хвіліны, калі дублем адзначыўся паўабаронца «РБ Лейпцыга» Марсэль Забіцэр. Канчатковы лік быў усталяваны ў самым канцы матчу, калі мяч у браму каманды Жазэ Маўрынью адправіў Філіп Форсберг. Такім чынам, турнір пакінуў леташні фіналіст Лігі чэмпіёнаў.
У іншым матчы «Аталанта» зноў забіла чатыры мячы «Валенсіі». Праўда, калі ў першым паядынку «кажаны» адказалі толькі адным голам, то на сваім полі, хай і без заўзятараў, забілі тройчы. Лік сустрэчы 3:4 на карысць італьянцаў. У «Валенсіі» дублем вызначыліся Кевін Гамейро і Феран Торэс, у «Аталанты» – покер зрабіў Ёсіп Ілічыч. Славенец стаў сёмым футбалістам, якому ўдалося аформіць покер у выязной сустрэчы галоўнага еўракубка. Адзіны пента-трык на чужым полі запісаў на свой рахунак бразілец Луіз Адрыяну. Сёння таксама адбудуцца матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Дортмундская „Барусія” на выездзе сыдзецца з „ПСЖ” – у першай сустрэчы немцы выйгралі 2:1, „Ліверпуль” пасля гасцявой паразы 0:1 паспрабуе на хатняй арэне зламіць супраціў мадрыдскага „Атлетыка”.
Брамнік зборнай Беларусі аформіў „сухар” у першым матчы плэй-оф МХЛ
Беларускі галкіпер чарапавецкага „Алмаза” Канстанцін Шостак адыграў „на нуль” у стартавым матчы плэй-оф Маладзёжнай хакейнай лігі. У Санкт-Пецярбургу яго каманда ўзяла верх над мясцовым МХК „Дынама” – 3:0. 19-гадовы Шостак адбіў 51 кідок. „Алмаз” мае пяты нумар пасеву ва Усходняй канферэнцыі МХЛ, а МХК „Дынама” Санкт-Пецярбург – чацвёрты, – піша hockey.by. Наступны матч серыі да чатырох перамог пройдзе ў Санкт-Пецярбургу 11 сакавіка.
Этап Кубка свету па біятлоне ў Халменколене можа быць адменены з-за каронавіруса
Этап Кубка свету па біятлоне ў Халменколене можа быць адменены з-за каронавіруса па рашэнні ўладаў Нарвегіі. Міжнародная федэрацыя біятлона прыняла да ўвагі рэкамендацыю ўладаў Нарвегіі адмяніць усе мерапрыемствы ў краіне з лікам удзельнікаў звыш 500. Этап Кубка свету ў Халменколене запланаваны на 20-22 сакавіка.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: «Іслач»