Іспанія склала паўнамоцтвы чэмпіёна Еўропы



Зборная Італіі перамагла 2:0 дружыну Іспаніі, узяла рэванш за паразу ў фінале 2012 году і выйшла ў чвэрцьфінал, дзе сустрэнецца з Нямеччынай.

Іспанская дружына ў матчы з Італіяй пачала гуляць у свой футбол хіба толькі з 70-й хвіліны. Тарантэла ж у выкананні “лазурнай эскадры” была куды больш прывабнай. Сапраўдным рэжысёрам выявіў сябе чарговы раз Антоніё Контэ, аленаторэ італійцаў з яўнай перавагай выйграў спабор у свайго візаві Вісэнтэ Дэль Боске. Апенінцы насуперак чаканням многіх не сталі ціснуцца да сваёй брамы а павялі метадычны наступ на пазіцыі іспанцаў. Пры тым яны перакрылі кісларод галоўнаму імправізатару “фурыі рохі” Андрэасу Ін’есту. А ўдачлівы раней форвард Альвара Марата зусім растварыўся пад апекай трыо сваіх аднаклубнікаў па турынскім “Ювентусе”. Ня лепш выглядаў і яго партнёр Наліта, якога замянілі адразу пасля перапынку. Замінаў на пачатку тэхнічным чэмпіёнам кантыненту і мокры газон Сэн-Дэні. У італійцаў на вастрыі актыўнічаў Эдэр. Менавіта пасля яго штрафнога першы на дабіванне паспеў незаменны бек Джорджа К’еліні. Італійцы маглі забіць неаднаразова яшчэ ў першым тайме, але выдатна гуляў на браме суперніка Давід дэ Хэа. У другой палове Дэль Боске выпусціў на поле баскскага нападніка Адурыса, але гэта не асабліва разнастаіла пірэнейскія карункі. Узяўся за справу ян належыць Ін’еста, ды было ўжо позна. У канцоўцы “скуадры адзурры” удалася фірмовая контратака, якую вынікова завяршыў Грацыяна Пеле. Неверагодна, але факт – здавалася б непераможная “чырвоная фурыя” прайграла другі паядынак запар і датэрмінова склала паўнамоцтвы чэмпіёна кантыненту. А вось італійскія тыфозі лікавалі ад душы. Рэванш за паразу ў фінале Еўра чатыры гады таму ўдаўся. А Джанлуіджы Буфон запісаў у свой актыў чарговы матч “на нуль” – цяпер іх у яго стала на еўрачэмпіянатах ажно 8.

Італія-Іспанія-2:0 (Джорджа К’еліні, 33, Грацыяна Пеле, 90).

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя