ISSF абнавіла тэрміны кваліфікацыі на Гульні ў Токіа



Міжнародная федэрацыя спартовай стральбы (ISSF) апублікавала новую кваліфікацыйную сістэму да Гульняў XXXII Алімпіяды ў Токіа, ухваленую выканкамам Міжнароднага алімпійскага камітэта. Згодна з абноўленымі дадзенымі, адборачнымі турнірамі ў 2021 годзе стануць зімовы чэмпіянат Еўропы па стральбе з пнеўматычнай зброі на 10 м у Фінляндыі, дзе будуць разыграныя шэсць пропускаў на Гульні, і кантынентальны форум у Харватыі. Тут на коне будзе дзесяць ліцэнзій. У беларускай каманды па кулявой стральбе ёсць ужо дзве ліцэнзіі, якія заваявалі Юрый Шчарбацэвіч і Марыя Мартынава.

ЦСКА і «Урал» праяўляюць цікавасць да Віталя Лісаковіча, цана пытання – мільён долараў

Нападнік салігорскага «Шахцёра» Віталь Лісаковіч можа працягнуць кар’еру ў чэмпіянаце Расеі. Паводле інфармацыі журналіста Сяргея Ягорава, да гульца праяўляюць цікавасць ЦСКА і «Урал». Беларускі клуб хацеў бы атрымаць за трансфер адзін мільён еўра, але дадзеная сума адпужвае патэнцыйных пакупнікоў.

АПЛ дазволіла клубам праводзіць камандныя трэніроўкі

Клубам англійскай прэмʼер-лігі дазволена праводзіць кантактныя трэніроўкі. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт арганізацыі. «Каманды зараз могуць трэніравацца ў групе і ўступаць у адзінаборствы, абмяжоўваючы любыя цесныя кантакты, якія не зʼяўляюцца неабходнымі», – гаворыцца ў заяве АПЛ.

Матч «Менска» са «Слуцкам» пройдзе 1 чэрвеня

Матч 11-га тура чэмпіянату Беларусі «Менск» – «Слуцк» перанесены з 30 траўня на 1 чэрвеня. Сустрэча адбудзецца на «Трактары» і стартуе ў 18.00, інфармуе афіцыйны сайт сталічнага клуба. Гульню абслугоўвае судзейская брыгада ў складзе: Дзмітрый Доля (Гародня), Аляксандр Банцеяў (Бабруйск), Аляксей Вайцяшонак (Асіповічы). Папярэднія два туры «Менск» прапусціў з-за знаходжання на каранціне.

Верамеенка працягнуў кантракт з «Цмокамi»

Беларускі цэнтравы Уладзімір Верамеенка працягне выступаць за «Цмокi-Менск», паведамляе прэс-служба клуба. Баскетбаліст далучыўся да каманды перад стартам мінулага сезону. У Адзінай Лізе ВТБ гулец правёў 16 сустрэч, у якіх адзначаўся 5.2 ачкамі, 3.6 падборамі і 1.4 перадачамі за 18.14 хвілін на паркеце.

Беларускае Радыё Рацыя