Італія абыграла Украіну ў матчы адбору Еўра-2024



У матчы 6-га тура групы C адборавага турніру да чэмпіянату Еўропы 2024 года сустракаліся зборныя Італіі і Ўкраіны. «Скуадра адзура» выйшла наперад ужо на 12-й хвіліне дзякуючы голу паўабаронцы Давіда Фратэзі. Яшчэ праз 16 хвілін хаўбек аформіў дубль. Украінцы змаглі адыграць толькі адзін мяч – на 41-й хвіліне голам адзначыўся вінгер Андрэй Ярмоленка. Матч завяршыўся з лікам 2:1 на карысць зборнай Італіі. Групу C узначальвае Англія. Каманда набрала 13 ачкоў пасля пяці матчаў. Італія займае другое месца, сем ачкоў пасля чатырох гульняў. Украіна таксама набрала 7 ачкоў, але знаходзіцца на трэцім радку, згуляўшы пяць матчаў.

Фернанда Сантуш пакіне пасаду трэнера зборнай Польшчы

Фернанда Сантуш больш не будзе трэнерам зборнай Польшчы па футболе – пацвердзілі агенству ПАП у PZPN. Чакаецца, што гэта будзе абвешчана ў бліжэйшы час
У аўторак раніцай Сантуш сустрэўся з прэзідэнтам Польскага футбольнага саюза
Цэзары Кулеша, а потым і адвакаты з абодвух бакоў умяшаліся, каб разабрацца ў справе скасавання дамовы. 68-гадовы трэнер узначаліў польскую каманду ў студзені, змяніўшы Чэслава
Міхневіча. Пад яго кіраўніцтвам польскія футбалісты правялі пакуль 6 матчаў – 3 перамогі, у тым ліку 2 у кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы: на хатняй арэне з Албаніяй 1:0 і
Фарэрскімі выспамі 2-0 і таварыскі матч з Германіяй 1-0, а таксама пацярпелі тры паразы ў гасцях у кваліфікацыі Еўра-2024: ад Чэхіі 1:3, Малдовы 2:3 і ў нядзелю ў Тыране з Албаніяй 0:2.
У пяці матчах кваліфікацыі яны набралі 6 ачкоў і займаюць 4-е месца
ў групы Е.

Пунтус пра Алоса: «Атрымліваецца, калі свой, то ён можа задарма працаваць, а калі замежнік, то трэба плаціць»

Галоўны трэнер каманды «Макслайн» з другога дывізіёна чэмпіяната Беларусі па футболе Юрый Пунтус падзяліўся меркаваннем аб прызначэнні іспанца Карласа Алоса на пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі. Раней камандай кіраваў Георгій Кандрацьеў.

Зарплата Кандрацьева ў зборнай складала 15000 еўра да выплаты падаткаў, яго памочнікі атрымлівалі у 2 разы менш. – Атрымліваецца, калі свой, то ён можа задарма працаваць, а калі замежнік, то трэба плаціць. Мусіць, трэба заўсёды плаціць пад вынік. Ёсць вынік, значыць ёсць бонусы, – сказаў Пунтус, які з’яўляецца сябрам выканкама АБФФ, які аднагалосна зацвердзіў Алоса на пасаду галоўнага трэнера зборнай. Нагадаю, зборная Ізраіля напярэдадні абыграла зборную Беларусі з лікам 1:0 у рамках адборавага турніру Чэмпіяната Еўропы 2024 года.

Гандбалісты СКА і „Віктара” згулялі ўнічыю на старце SEHA-лігі

Гандбалісты менскага СКА не змаглі дамагчыся перамогі ў стартавым паядынку новага сезона SEHA-лігі. Уладальнікі срэбраных медалёў мінулага сезона ў сталічным спарткомплексе „Уручча” згулялі ўнічыю з навічком лігі стаўрапальскім „Віктарам” – 30:30. Госці здолелі адысці ад паразы за секунду да фінальнай сірэны дзякуючы дакладнаму кідку Івана Някрасава. Самым выніковым у складзе менчан стаў Ігар Бяляўскі, які закінуў 12 мячоў, у супернікаў 10 разоў вызначыўся Мікіта Ільцінскі. Таксама ў папярэдняй групе B яшчэ адзін дэбютант турніру „Бусел Кітая” прыме ў Менску магілёўскі клуб „Машэка”.

Валейбалісты Італіі сталі апошнімі паўфіналістамі чэмпіянату Еўропы

На мужчынскім чэмпіянаце Еўропы па валейболе, які завяршаецца ў Італіі, вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі. Апошнімі паўфіналістамі сталі дзеючыя чэмпіёны Старога Свету валейбалісты Італіі, якія перайгралі ў пяцісэтавым паядынку каманду Нідэрландаў – 3:2. У матчы за выхад у фінал італьянцы сустрэнуцца ў Рыме з французамі, якія разграмілі румынскую зборную 3:0. У другім паўфінальным паядынку славенцы, якія абыгралі ўкраінцаў 3:1, будуць супернічаць з палякамі, якія перамаглі з такім жа лікам сербаў. Паўфіналы адбудуцца 14 верасня, а вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул і сустрэча за бронзавыя ўзнагароды 34-га еўрапейскага першынства пройдуць у італьянскай сталіцы 16 верасня.

Былы гулец НБА памёр ва ўзросце 42 гадоў

Былы форвард клубаў НБА «Бостан Сэлтыкс» і «Арланда Мэджык» Брэндан Хантэр памёр на 43-м годзе жыцця, паведаміла прэс-служба «Арланда». Брэндан Хантэр гуляў у сезоне 2003—2004 за «Бостан Сэлтык», затым сезон правёў за «Арланда Мэджык». Яго пазіцыя была цяжкі форвард. Потым ён падпісаў кантракт з «Мілуокі Бакс», але пакінуў клуб яшчэ да пачатку сезона. Тое ж самае адбылося і з «Кліўленд Кавальерс»: падпісаў кантракт, але не згуляў ніводнага матча. Гуляў таксама ў Італіі, Ізраілі, Нямеччыне, Пуэрта-Рыка і Латвіі.

Беларускае Радыё Рацыя