Італія другі раз у гісторыі стала чэмпіёнам Еўропы па футболе
11 ліпеня на брытанскім стадыёне „Уэмблі” вызначыўся чэмпіён Еўропы па футболе 2020 года. У многім парадаксальны і анамальны турнір скончыўся ўрэшце заканамернай перамогай дружыны Італіі. У фінальным матчы „скуадра адзурра” у серыі пенальці перамагла каманду Англіі.
Асноўны час завяршыўся з лікам 1:1. Ужо на 2-й хвіліне шалёны стрэл Люка Шоў прынёс гол зборнай Англіі (сама хуткі гол у фіналах Еўра). Першы тайм прайшоў у роўным змаганні і толькі ў яго канцоўцы італійцы „злавілі” сваю гульню.
Другая палова прыйшла пры выразнай перавазе апенінцаў. Характэрна, што адыграліся італійцы высілкамі абаронцаў-ветэранаў, якія падключыліся да розыгрышу корнеру. Пры тым Джорджа К’еліні збілі ў штрафной, але яго калега Леанарда Бануччы быў паспяховым на дабіванні – 1:1. Так што пенальці не спатрэбіўся. У Англіі рэальных шанцаў дамагчыся голавага поспеху больш не было, атакі паўднёваеўрапейцаў былі вастрэйшымі, але таксама не дасягалі выніку. Урэшце дадатковыя таймы скончыліся без галоў. Незадоўга да завяршэння гульнёвага часу Гарэт Саўгейт зрабіў дзве замены „пад пенальці” і гэта сталася памылковым ці няўдалым рашэннем. Менавіта Рэшфард і Санча не рэалізавалі свае падыходы да 11-мятровай адзнакі. Схібіў і Сака, так што геройства ангельскага брамніка Пікфарда, які парыраваў два пенальці, аказалася мала.
Італійцы здолелі рэалізаваць тры спробы з пяці пры выкананні 11-мятровых (дакладнымі былі тры Б – Берардзі, Бануччы і Бернадэскі). Сака мог падоўжыць серыю, але яго ўдар парыраваў брамнік Італіі Доннарума. У выніку 3-2 па пенальці. Каманда Рабэрта Манчыні выйграла другі тытул у гісторыі для Італіі. Першы раз „скуадра адзурра” святкавала ў далёкім 1968 годзе. Потым у яе гісторыі былі дзве паразы ў фіналах.
Акрамя гэтага Італія працягвае сваю шыкоўную серыю – 34 матчы запар без паразаў (з іх 27 перамог!).
Беларускае Радыё Рацыя