Італія ўпершыню з 1958 года не згуляе на футбольным ЧС
Зборная Італіі не здолела прабіцца ў фінальную стадыю футбольнага чэмпіянату свету, уступіўшы камандзе Швецыі. Апошні раз такое здарылася з італьянцамі ў 1958 годзе, калі фінал ЧС прымала Швецыя.
У цяперашнім адборачным цыкле сусветнага першынства футбалісты Італіі занялі другое месца ў групе G следам за Іспаніяй, таму ім давялося гуляць стыкавыя паядынкі са шведамі. У першым з іх 10 лістапада ў Стакгольме скандынавы перамаглі грозных сапернікаў з мінімальнай перавагай 1:0 дзякуючы голу Якаба Юхансана. У сустрэчы ў адказ 13 лістапада ў Мілане італьянцы мелі вялікую перавагу, але іх атакам не хапала вастрыні, а калі небяспечныя моманты і ўзнікалі, то галкіпер і абаронцы гасцей паспяхова ліквідавалі іх. У выніку сустрэча так і завяршылася без забітых мячоў – 0:0 і чатырохразовым чэмпіёнам свету не давядзецца паехаць у Расію наступным летам. Зборная Швецыі, якая была супернікам беларусаў у кваліфікацыйнай групе А, не гуляла сярод мацнейшых каманд планеты з 2006 года, прапусціўшы два папярэднія сусветныя чэмпіянаты.
Апошні прадстаўнік Старога Свету на расійскім ЧС-2018 вызначыцца сёння познім вечарам у Дубліне пасля сустрэчы ў адказ футбалістаў Ірландыі і Даніі. Іх першы стыкавы паядынак у Капенгагене завяршыўся ўнічыю – 0:0.
З такім жа рэзультатам скончыліся і два першыя міжкантынентальныя „стыкі”: Гандурас – Аўстралія і Новая Зеландыя – Перу. Сустрэчы ў адказ у гэтых парах адбудуцца 15 лістапада ў Сіднеі і Ліме.