Італьянцы перамаглі туркаў у матчы адкрыцця футбольнага ЧЕ



Зборная Італіі разграміла каманду Турцыі з лікам 3:0 у матчы адкрыцця чэмпіянату Еўропы.

У першым тайме паядынку на полі рымскага „Cтадыё Алімпіка” гледачы не ўбачылі забітых мячоў. Затое пасля перапынку італьянцы забілі тройчы – на 53-й хвіліне абаронца турак Мерых Деміраль адправіў мяч у сваю брамку, затым Чыра Імобіле другі раз трапіў у браму турэцкай каманды, а затым Ларэнца Інсіньё ўсталяваў канчатковы лік. Разам з камандамі Італіі і Турцыі ў папярэдняй групе А згуляюць зборныя Швейцарыі і Уэльса, якія сустрэнуцца паміж сабой сёння ў Баку (пачатак гульні у 16.00 па беларускім часе) . Свае першыя матчы правядуць каманды групы В. Футбалісты Даніі згуляюць у Капенгагене з дэбютантам фінальнага этапу кантынентальнага першынства камандай Фінляндыі (пачатак у 19.00). У Санкт-Пецярбургу расейцы паспрабуюць даць бой аднаму з галоўных фаварытаў турніру зборнай Бельгіі (пачатак у 22.00).

ВРЗ трэці раз выйшаў у фінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Гомельскі ВРЗ трэці раз запар прабіўся ў фінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У пятым, вырашальным, паядынку паўфінальнай серыі гамяльчане абыгралі на сваёй пляцоўцы менскую „Сталіцу” з лікам 5:2 і перамаглі ў серыі да трох перамог з лікам 3:2. Да гэтага супернікі выйгралі па два паядынкі. Для ВРЗ гэта будзе трэці запар фінал нацыянальнага першынства. У двух папярэдніх гамяльчане саступалі „Сталіцы” і свайму будучаму суперніку аршанскаму „ВітЭну”. Аршанская каманда стала першым фіналістам 32-га чэмпіянату краіны. У паўфінальнай серыі чэмпіёны краіны тройчы перамаглі гомельскі БЧ – 4:3, 3:2 і 11:4.

Дубль Лопеса дапамог „Мінску” перамагчы „Славію”

Футбалісты „Мінска” перамаглі „Славію” ў гасцявым паядынку 12-га тура чэмпіянату Беларусі 2:1 – у складзе мазыран дублем адзначыўся аргентынскі легіянер Майкл Лопес. Футбалісты сталічнага „Энергетыка-БДУ” перамаглі „Гомель”. У паядынку на полі барысаўскага гарадскога стадыёна менчукі выйгралі з лікам 3:2. Сёння лідар турніру салігорскі „Шахцёр”, які не страціў яшчэ ніводнага ачка, згуляе на сваім полі з „Віцебскам”. БАТЭ, які ідзе другім, прыме на полі „Барысаў-Арэны” гарадзенскі „Нёман”. Таксама два аўтсайдэры турніру правядуць свае хатнія матчы – у Рэчыцы мясцовы „Спутнік” будзе супернічаць з менскім „Дынама”, а футбалісты „Смаргоні” прымуць „Слуцк”.

Цыцыпас упершыню прабіўся ў фінал „Ралан Гарос”

5-ы нумар сусветнага рэйтынгу грэчаскі тэнісіст Стефанас Цыцыпас стаў першым фіналістам мужчынскага адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату Францыі. У першым паўфінальным паядынку ён адолеў у цяжкім пяцісэтавым матчы прадстаўніка Нямеччыны Аляксандра Зверава – 6:3, 6:3, 4:6, 4:6, 6:3. Сустрэча працягвалася 3 гадзіны 40 хвілін. Стефанас Цыцыпас упершыню прабіўся ў фінал турніраў серыі „Вялікага шлема”. У другім паўфінале першая ракетка планеты серб Новак Джокавіч у 4-гадзінным матчы перайграў 13-разовага чэмпіёна турніра Рафаэля Надаля – 3:6, 6:3, 7:6, 6:2.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: championat.com