Івашка больш за дзве з паловай гадзіны каваў перамогу ў першым раундзе турніру ў Мексіцы



Ілля Івашка, пасеяны пад 8-м нумарам на турніры ў мексіканскім Лос-Кабасе, святкаваў найцяжкую валявую перамогу ў 1/16 фіналу гэтых спаборніцтваў. 29-гадовы беларус у трох сэтах адолеў 22-гадовага Бейбіта Жукаева з Казахстана — 3:6, 6:3, 7:6 (7:5). Матч працягваўся 2 гадзіны 33 хвіліны.

2 жніўня стартуе Кубак Салея

У трох гарадах сёння адбудуцца стартавыя сустрэчы 22-га розыгрышу Кубка Беларусі па хакеі, які з 2013 года мае назву Кубак Салея. У першым паядынку папярэдняй групы А ў Маладэчне хакеісты мясцовага „Дынама” прымуць салігорскі „Шахцёр”. Хакеісты „Брэста” згуляюць на сваёй лядовай арэне з гарадзенскім „Нёманам”, а хакеісты „Ліды” сустрэнуцца з менскім „Юнацтвам”. У групе В паядынкі стартавага тура пройдуць заўтра: „Металург” (Жлобін) — „Лакаматыў” (Орша), „Хімік” (Наваполацк) — „Гомель”, „Магілёў” — „Віцебск”. Першы этап завершыцца 13 жніўня, пасля чаго пераможцы дзвюх груп атрымаюць прамыя пуцёўкі ў „Фінал чатырох”. Яшчэ два пропускі ў вырашальны этап 23 жніўня разыграюць каманды, якія зоймуць другія і трэція месцы. Паўфіналы пройдуць 26 жніўня, вырашальны паядынак і матч за трэцяе месца адбудуцца 27 жніўня. У мінулым сезоне ўпершыню ў сваёй гісторыі ўладальнікам Кубка Салея стаў „Віцебск”.

Канадскі навічок менскага «Дынама» звярнуўся да заўзятараў клуба

Канадскі галкіпер і навічок менскага «Дынама» Дылан Фергюсан запісаў відэазварот да фанатаў беларускага клуба. «Прывітанне заўзятарам „Дынама”! Гэта Дылан Фергюсан. Вельмі рады магчымасці быць у Менску, сустрэць заўзятараў. Наперад», – цытуе брамніка афіцыйны тэлеграм-канал клуба. Нагадаем, раней стала вядома, што 24-гадовы галкіпер падпісаў з менчукамі дамову. У мінулым сезоне Фергюсан згуляў два матчы за «Атаву Сенатарз», зафіксаваўшы паказчык у 94% адбітых кідкоў з каэфіцыентам надзейнасці 2,52. Асабліва паспяховай атрымалася дэбютная сустрэча ў лізе. Тады канадзец паўтарыў 40-гадовы рэкорд НХЛ па колькасці выратаванняў у першай сустрэчы ў лізе, здзейсніўшы 48 сэйваў у матчы з «Піцбург Пінгвінз». Усяго ў НХЛ на рахунку галкіпера тры матчы, у АХЛ — 29 матчаў з працэнтам адбітых кідкоў 91,5%. Асноўную частку кар’еры брамнік правёў у Заходняй хакейнай лізе Канады, дзе згуляў 155 сустрэч з працэнтам адбітых кідкоў 90,8%.

Беларускія гандбалісты могуць быць дапушчаныя да ўдзелу ў адборы Чэмпіянату Еўропы-2026

Толькі для гэтага трэба будзе абыграць зборную Расеі і дачакацца „спрыяльных” умоў. Пра гэта паведамляе сайт 24rakomet.mk: „Выканкам Еўрапейскай федэрацыі гандбола прыняў рашэнне пакінуць адно пустое месца ў папярэдняй кваліфікацыі на мужчынскі чэмпіянат Еўропы 2026 года, які пройдзе ў Даніі, Швецыі і Нарвегіі. Гэтае месца можа належаць адной з цяпер адхіленых федэрацый — Расеі і Беларусі”. „У перадкваліфікацыях на чэмпіянат Еўропы ёсць сістэма, якая дазваляе ўключыць Расею ці Беларусь, калі для гэтага будуць умовы. Калі дазволіць сітуацыя, Расея і Беларусь згуляюць адна супраць адной (у двухматчавым супрацьстаянні) і атрымаюць апошняе 32-е месца ў кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы 2026. Нагадаем, апошні топ-турнір, у якім удзельнічалі беларусы, – ЧЕ-2022.

Іван Ціхан: пытанне аб нашым допуску нават не выносіцца на абмеркаванне ў World Athletics

Старшыня БФЛА Іван Ціхан растлумачыў, чаму тэма допуску беларускіх лёгкаатлетаў да міжнародных стартаў рухаецца так цяжка. Аб гэтым ён расказаў у праграме „Спорт-кадр” на канале „Беларусь 5”. „У сярэдзіне жніўня пройдзе кангрэс World Athletics, і міжнародная структура ўжо аб’явіла, што нават не збіраецца там разглядаць пытанне допуску беларускіх і расейскіх лёгкаатлетаў. Сяргей Бубка – выбітны атлет, які мае вялікі ўплыў на лёгкаатлетычную федэрацыю. Ведаем, адкуль ён родам, таму з прасоўваннем ідэі нашага вяртання там усё складана. Украіна настолькі агрэсіўна прадэманстравала свой характар, што не дала нічога сказаць па тэме допуску. У гэтым сезоне ўжо тройчы пісалі ў міжнародную федэрацыю на гэты конт, але адказу няма. А інакш ніяк не можам на іх уздзейнічаць, акрамя афіцыйных лістоў,” – дадаў Ціхан.

Беларускае Радыё Рацыя