Івашка і Мельцэр адкрыюць матч Кубка Дэвіса Беларусь – Аўстрыя
У аўстрыйскім Санкт-Пёльтэне 2 лютага стартуе матч 1-га круга групы I Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса паміж тэнісістамі Беларусі і Аўстрыі.
Першымі на корт спарткомплексу VAZ выйдуць першы нумар беларускай каманды Ілья Івашка (190-ы нумар рэйтынгу АТР) і другі нумар гаспадароў Геральд Мельцэр (98). Адразу пасля заканчэння іх сустрэчы лідар аўстрыйскай каманды, шостая ракетка планеты Дамінік Цім згуляе супраць Дзмітрыя Жырмонта (389).
З 3 лютага спачатку пройдзе парная сустрэча, у якой беларусы Андрэй Васілеўскі і Сяргей Бетаў сустрэнуцца з Оліверам Марахам і Філіпам Освальдам. Затым адбудуцца два адзіночныя паядынкі: Дамінік Цім – Ілья Івашка, Дзмітрый Жырмонт – Геральд Мельцэр.
Пасля першага гульнявога дня капітаны каманд Уладзімір Валчкоў і Штэфан Коўбек могуць правесці замены. Тэлеканал „Беларусь 5” будзе весці прамыя трансляцыі з Санкт-Пёльтэна, першая з якіх пачнецца сёння ў 17.00.
З гэтага сезона ў розыгрышы Кубка Дэвіса адбыліся сур’ёзныя змяненні. Па-першае, матчы праводзяцца за два дні (раней – тры), па-другое, кожная гульня – адзіночныя і парная, вядуцца да выйгрышаў двух, а не трох сэтаў, па-трэцяе, у заяўку ўключаюцца не 4, а 5 ігракоў.
Зборныя Беларусі і Аўстрыі сустракаліся паміж сабой у красавіку 2017 года ў Менску ў матчы другога раўнда групы I Еўра-Афрыканскай зоны, і беларусы перамаглі з лікам 3:1. Тады ў складзе гаспадароў гуляў ветэран Максім Мірны, які на гэты раз папрасіў не выклікаць яго ў нацыянальную каманду. Але гэта зусім не азначае, што шматгадовы лідар зборнай Беларусі завяршае кар’еру – проста Максіму трэба залячыць свае траўмы, якія перашкаджаюць яму гуляць на поўную моц.
Цяпер у сусветным камандным рэйтынгу Беларусь займае 25-е месца, Аўстрыя знаходзіцца на 37-й пазіцыі. Пераможца іх цяперашняга матчу ў красавіку згуляе з камандай Расеі.