Івашка не прабіўся ў паўфінал турніру ў Ньюпорце



Беларускі тэнісіст Ілля Івашка, які мае 141-ы нумар сусветнага рэйтынгу, не змог прабіцца ў паўфінал турніру ў амерыканскім Ньюпорце. У паядынку чвэрцьфінала беларус саступіў ва ўпартай барацьбе французу Уга Умберу – 5:7, 6:3, 2:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 27 хвілін. На жаночым турніры ў казахстанскім Нур-султане беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч прабілася ў паўфінал, адолеўшы нямецкую тэнісістку Вівіан Хайзі – 6: 4, 4: 6, 6: 4. Сёння ў барацьбе за выхад у фінал Ірына Шымановіч згуляе з чэшскай тэнісісткай Марыяй Баузкавай.

„Нёман” вырваў нічыю ў «Гомеля»

Стартавала другая палова чэмпіянату Беларусі па футболе.

Адкрылі тур матчы ў Гародні і Менску. «Нёман» здолеў у самым канцы матчу выратаваць адно ачко ў хатняй гульні з «Гомелем» і падоўжыў серыю без паразаў да чатырох гульняў. Адкрылі лік госці на 68-й хвіліне, калі Бебе дапусціў найгрубейшую памылку ў абароне, якая дазволіла Нівалда выйсці адзін на адзін з брамнікам і забіць гол. Але на першай дададзенай хвіліне да асноўнага часу Алыкулаў зарабіў для «аленяў» пенальці, які сам жа ўпэўнена і рэалізаваў. Гарадзенцы праводзілі канцоўку матча ў меншасці пасля выдалення Лягчыліна на 85-й хвіліне. Сцвярджэнне аб тым, што РЦАР-БДУ ўмее папсаваць нервы фаварытам, але мае праблемы з роўнымі па сіле камандамі, пацвердзілася ў матчы са «Слуцкам».

«Студэнты» прапусцілі гол ад івуарыйца Куаджы ў самым пачатку паядынку і мелі яшчэ шмат часу адыграцца, але так і не змаглі зламіць абарончыя парадкі «Слуцка». Перамога дазволіла случчанам аддаліцца ад зоны вылету.

Пасля матчаў 16-га тура першынства возьме паўзу да 9 жніўня на гульні беларускіх клубаў у кваліфікацыі еўракубкаў.

БАТЭ, «Шахцёр» і менскае «Дынама» папрасілі перанесці іх сустрэчы з супернікамі на рэзервовы дзень, 30 кастрычніка. Гэтыя клубы, акрамя сталічнага, вырашаюць свае задачы ў Еўропе. Нагадаем, што БАТЭ паспяхова пераадолеў першы раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. 24 ліпеня барысаўчане згуляюць супраць «Русенборга».

Футбольны клуб „Дынама-Менск” абвясціў аб вяртанні ў свае шэрагі абаронцы Ніно Галавіча, які ў мінулым сезоне быў капітанам каманды. Харвацкі легіянер падпісаў неабходныя дакументы і перайшоў у „Дынама” з японскага клуба „Саган Тосу” на правах арэнды да канца сезона. Галавіч выступаў за „Дынама” на працягу двух мінулых сезонаў. За гэты час ён правёў 69 матчаў, забіў дзесяць мячоў і аддаў адну галявую перадачу. Дзякуючы гэтай статыстыцы харват стаў самым выніковым абаронцам-легіянерам у гісторыі дынамаўскага клуба.

«Яга» разграміла «Арку» на старце чэмпіяната Польшчы

Футбалісты беластоцкай «Ягелоніі» вельмі ўдала пачалі новы сезон.

У першым туры «экстракласы» „жоўта-чырвоныя” разграмілі «Арку Гдыня» з лікам 3:0. Галамі ў складзе каманды Ірэніўша Мамрота адзначыліся навічкі Барташ Біда, іспанец Хесус Імаз, а таксама Тарас Раманчук.

Праз тыдзень „Ягелонія” правядзе першую гульню на хатняй арэне. У Беластоку ў суботу яна сустрэнецца з навічком «экстракласы» «Ракаў» Чэнстахова.

Баскетбольная баскетбольная «маладзёжка» прайграла албанцам

Баскетбалісты моладзевай зборнай Беларусі няўдала правялі першы матч суцяшальнага турніру першынства Еўропы ў дывізіёне В. У партугальскім Матазіньюшэ беларусы саступілі аднагодкам з Албаніі з мінімальнай розніцай у ліку – 75:76. На працягу амаль усяго гульнявога часу беларускія баскетбалісты выйгравалі, але ў канцоўцы заключнай чвэрці супернікі здолелі выйсці наперад і перамаглі. Уладзіслаў Блізнюк набраў 29 ачкоў і 3 падборы пад шчытамі.

Беларускае Радыё Рацыя