Івашка прайграў на старце „Ралан Гарос”
Беларус Ілля Івашка не змог прабіцца ў другі раунд адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе. У першым раундзе Івашка, які займае 73-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіў аўстралійцу Алексу Ды Мінаўру, у якога 19-я пазіцыя, – 1:6, 7:5, 1:6, 3:6.
У другі раўнд жаночага адзіночнага разраду ўжо выйшлі дзве беларускія тэнісісткі. Другая ракетка планеты Арына Сабаленка абыграла ўкраінку Марту Касцюк – 6:3, 6:2 і зараз сустрэнецца з яшчэ адной беларускай тэнісісткай Ірынай Шымановіч, якая перамагла венгерку Панну Удвардзі – 6:7 (6:8) ), 6:3, 6:1. На корты „Ралан Гарос” таксама выйдзе Вікторыя Азаранка, якая ў 1/64 фіналу сустрэнецца з прадстаўніцай Канады Б’янкай Андрэеску.
„Сталіца” выйшла наперад у фінале чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы „Сталіцы” святкавалі валявую перамогу ў гасцях у гомельскага ВРЗ – 4:3 і выйшлі наперад у фінальнай серыі 34-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе.
Першая гульня за чэмпіёнскі тытул пачалася з націску гаспадароў пляцоўкі, і ўжо да 5-й хвіліны яны двойчы забілі мінчанам: лік адкрыў Іван Заяц-Маціеўскі, а затым вызначыўся Дзмітрый Лось. Госці не збіраліся здавацца, і на 13-й хвіліне Алег Гарбенка скараціў разрыў, а ў пачатку другога тайма ён жа аднавіў парытэт. Пасля гэтага абедзве каманды шмат атакавалі, але ў выніку поспеху дамагліся мінчане. На 31-й хвіліне сустрэчы Аляксандр Умпіровіч забіў трэці мяч у браму ВРЗ, а на апошняй хвіліне асноўнага часу вызначыліся галкіперы: Максім Трафімовіч у чацвёрты раз забіў гамяльчанам, а потым яго калега Юрый Дзегцярэнка ўсталяваў канчатковы лік – 4:3 на карысць дзеючых чэмпіёнаў краіны. Другі паядынак залатой серыі адбудзецца 2 чэрвеня ў мінскім спарткомплексе „Уручча”, а 6 чэрвеня каманды зноў сустрэнуцца ў Гомелі. Серыя за золата працягнецца да трох вікторый адной з каманд.
Протас вядзе „Хёршы” да фіналу Кубка Колдэра — да мэты застаўся ўсяго адзін крок
У чацвёртым паядынку паўфінальнай серыі плэй-оф Амерыканскай хакейнай лігі (АХЛ) „Хёршы” ў гасцях перамог „Рочастэр” — 4:2. Гэта ўжо трэцяя запар перамога „Хёршы” ў гэтай серыі. Зараз фарм-клуб „Вашынгтона” лідыруе ў супрацьстаянні 3-1 і знаходзіцца за крок ад выхаду ў фінал Кубка Колдэра.
Мінулай ноччу беларускі нападнік „Хёршы” Аляксей Протас вызначыўся двума асістэнцкімі баламі — на 51-й хвіліне, калі яго каманда скараціла адставанне ў ліку да 1:2, а таксама на 60-й, калі была закінута шайба ў пустую брамку і ўсталяваны канчатковы лік . Беларус таксама выканаў 4 кідкі і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці +1.
У 11 матчах цяперашняга Кубка Колдэра Аляксей Протас набраў 11 (4+7) бамбардзірскіх балаў пры паказчыку карыснасці +7. У сёлетнім плэй-оф Протас — лепшы бамбардзір „Хершы”.
Наступны матч паўфінальнай серыі запланаваны на 31 траўня на лёдзе „Хёршы”.
„Вегас” пераканаўча закрыў серыю з „Даласам” і выйшаў у галоўны фінал
У шостым матчы фіналу Заходняй канферэнцыі „Вегас” на чужым лёдзе не пакінуў шанцаў „Даласу” 6:0. Вільям Карлсан вызначыўся галявым дублем. Эдзін Хіл аформіў „шатаўт”, адбіўшы 23 кідкі гаспадароў. „Вегас” выйшаў у фінал Кубка Стэнлі ўпершыню з 2018 года. Галоўная серыя сезона, у якой „залатым рыцарам” будзе супрацьстаяць „Фларыда”, стартуе ў суботу, 3 чэрвеня.
„Маямі” пазмагаецца ў фінале НБА з „Дэнверам”
У сёмым матчы фіналу Усходняй канферэнцыі „Бостан” прайграў „Маямі” і не змог стаць першай камандай у гісторыі НБА, якая адыгралася з 0-3 у серыі. Ні разу ў НБА каманды, якія прайграюць 0-3, не перамагалі. „Бостан” стаў чацвёртай камандай, якая зраўняла лік, але прайгравала ў вырашальным матчы. Да гэтага такое ўдавалася „Нікс” у 1951 годзе, „Дэнверу” – у 1994 годзе, „Портленду” – у 2003 годзе.
У фінале плэй-оф-2023 згуляюць „Дэнвер” і „Маямі”. Першая сустрэча пройдзе ўжо ў чацвер, 1 чэрвеня, на паркеце „Дэнвера”.
Беларускае Радыё Рацыя
