Івашка выйшаў у 1/32 фіналу Уімблдонскага турніру




Беларускі тэнісіст Ілля Івашка прабіўся ў другі раунд Уімблдонскага турніру.

У паядынку 1/64 фіналу беларус, які займае 102-е месца ў сусветным рэйтынгу, абыграў аргенцінца Федэрыка Корыя, у якога 104-я пазіцыя, – 4:6, 6:4, 6:3, 6:0. Матч працягваўся 2 гадзіны 25 хвілін. У 1/32 фіналу Ілля Івашка згуляе з балгарскім тэнісістам 24-й ракеткай планеты Рыгорам Дзімітравым.

Зборная Украіны не змагла прабіцца ў фінал моладзевага Еўра

Украінцы выдатна пачалі паўфінал з іспанцамі: ужо на 13-й хвіліне Арцём Бандарэнка адкрыў лік з перадачы Міхаіла Мудрыка. Але затым забівалі толькі пірэнейцы. Зборная Іспаніі забіла пяць галоў і ўпэўнена выйшла ў фінал, дзе пазмагаецца з ангельцамі, якія разграмілі каманду Ізраіля 3:0. Мячы ў другім тайме паядынку 1/2 фіналу забілі паўабаронца „Нотынгем Форэст” Морган Гібс-Уайт, Коўл Палмер з „Манчэстэр Сіці” і форвард „Мідлсбра” Кэмеран Арчэр. Украінцы ж разам з бронзай Еўра заваявалі і пуцёўку на Алімпіяду ў Парыжы.

Ягор Генералаў пакінуў „Іслач”

Кантракт з 30-гадовым галкіперам спынены па дамове бакоў. Пра гэта паведамляе сайт „ваўкоў”. Генералаў папоўніў ростэр каманды перад гэтым сезонам. За „Іслач” правёў стартавую гульню чэмпіянату супраць мінскага „Дынама” і некалькі таварыскіх сустрэч.

Расейскі брамнік „Шахцёра” Георгій Анаркулаў на праглядзе ў мінскім „Дынама”

Агент хакеіста паведаміў, што 25-гадовы галкіпер адправіцца на прагляд у бліжэйшы час. А па звестках журналіста Сцяпана Варанкова, брамнік ужо працуе ў лагеры развіцця „зуброў”. У мінулым сезоне Анаркулаў стаў самым надзейным брамнікам Betera-Экстралігі. У „рэгулярцы” ён правёў 41 матч, святкаваў 31 перамогу пры працэнце адбітых кідкоў 94.3, каэфіцыенце надзейнасці 1.51 і васьмі шатаўтах.

Вікторыя Галадухіна — гулец „Мінчанкі”
 
Лібера будзе выступаць за сталічны валейбольны клуб у наступным сезоне. Усю кар’еру Галадухіна гуляла за берасцейскае „Прыбужжа”, з’яўляецца чэмпіёнкай Беларусі сезона-2013/14, уладальніцай Кубка Беларусі 2014, 2015, 2022 гадоў. У новым сезоне яна будзе выступаць пад нумарам 19.

Беларускае Радыё Рацыя