Каладынска выйшла ў 1/4 фіналу турніру ў Санта-Дамінга



Беларуская тэнісістка Яна Каладынска стала чвэрцьфіналісткай турніру ITF у Санта-Дамінга з прызавым фондам 25 тысяч даляраў.

У паядынку другога раунда беларуска перамагла амерыканскую тэнісістку Леа Ма – 6:4, 6:2. У матчы за трапленне ў паўфінал яе суперніцай будзе калумбійская тэнісістка Марыя Гансалес.

Беларус Іван Лютарэвіч і ўкраінскі тэнісіст Уладзіслаў Манафаў у паўфінале парнага разраду турніру ў польскай Познані сустрэнуцца з чэшска-уругвайскім тандэмам Адам Паўлашэк / Арыэль Бехар.

„Тарпеда-БелАЗ” і „Энергетык-БДУ” адкрыюць 13-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі

Пасля амаль двухтыднёвага перапынку, звязанага з міжнароднымі гульнямі зборных Беларусі, сёння аднаўляецца нацыянальны футбольны чэмпіянат сярод каманд вышэйшай лігі. У стартавым паядынку 13-га тура футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа”, якія займаюць трэцяе месца, прымуць на сваёй арэне аднаго з аўтсайдараў турніру – сталічны „Энергетык-БДУ”. У папярэднім туры тарпедаўцы разграмілі на выездзе футбалістаў „Гомеля” з лікам 3:0 і застаюцца адзінай камандай, якая пакуль не пацярпела ніводнай паразы. Іх супернікі ў хатнім матчы 12-га тура разышліся мірам з бабруйскай „Белшынай” – 0:0.

Яшчэ тры сустрэчы адбудуцца заўтра. Гарадзенскі „Нёман”, які ідзе другім, згуляе ў гасцях у футбалістаў „Слуцка”, у Маладэчне „Іслач” з Менскага раёна сустрэнецца з „Гомелем”, а ў Мазыры мясцовая „Славія” прыме салігорскі „Шахцёр”.

Менскае «Дынама» правядзе хатні матч кваліфікацыі Лігі канферэнцый з «Жалезнічарам» у Баку

Як паведамляе прэс-служба менскага «Дынама», намінальна хатні матч супраць «Жалезнічара» ў 1-м раундзе кваліфікацыі Лігі канферэнцый каманда правядзе ў Баку, 20 ліпеня. Матч прыме «Азерсун Арэна».

Гульня ў гасцях пройдзе на тыдзень раней, 13 ліпеня, у Сараеве.

Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць хатнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«МЮ» рыхтуе апошнюю прапанову па Маунту

«Манчэстэр Юнайтэд» рыхтуе трэцюю і апошнюю прапанову па паўабаронцы «Чэлсі» Мэйсану Маунту, паведамляе The Times.

Клуб збіраецца прапанаваць больш за 55 мільёнаў фунтаў, і калі гэтая прапанова не будзе прынята, то манкуніянцы выйдуць з перамоваў.

Па інфармацыі Дэвіда Арнштэйна, у мінулы раз «Манчэстэр Юнайтэд» прапаноўваў 40 мільёнаў фунтаў + 5 бонусамі, але лонданцы хацелі 60 млн + 5 млн бонусамі. Кантракт гульца з «Чэлсі» заканчваецца наступным летам.

«Мяшкоў Брэст» падпісаў баснійца Сцяпанавіча

Як паведамляе прэс-служба «Мяшкоў Брэст», клуб падпісаў правага паўсярэдняга з Босніі і Герцагавіны Невена Сцяпанавіча. Кантракт з гандбалістам заключаны па схеме «1+1». Сцяпанавіч выступаў на радзіме за «Лакаматыў», але ўжо ў 17 гадоў з’ехаў у сербскую «Вайводзіну», у якой гуляў на працягу пяці сезонаў. Гуляў у SEHA-лізе, Кубку ўладальнікаў кубкаў і Кубку ЕГФ. У 2015-м пераехаў у Катар, дзе да 2018-га выступаў за «Аль-Духаіль» з Дохі. Станавіўся чэмпіёнам і ўладальнікам кубка краіны. Пасля гэтага Сцяпанавіч перайшоў у партугальскі «Спортынг», з якім дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў. Але хутка перабраўся ў паўночнамакедонскі «Еўрафарм», трапіў у сімвалічную зборную SEHA-лігі па выніках сезона-2020/21. У 2021-м Сцяпанавіч пераехаў у Бахрэйн, дзе выступаў за «Аль-Найму». Пасля гэтага з’ехаў у Кувейт, дзе ў апошнія два гады выступаў за «Аль-Курайн» і «Бурган».

Баранавічы прымаюць фінальны этап Кубка Беларусі па хакеі на траве

Фінальны этап розыгрышу Кубка Беларусі па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд стартуе ў Баранавічах. У спаборніцтвах разам з трыма прызёрамі чэмпіянату Беларусі – берасцейскім „Будаўніком”, ХК „Мінск” і ХК „Гомель”, згуляе расійская каманда СПб-УОР-2 з Санкт-Пецярбурга. Уладальнік трафея стане вядомы 25 чэрвеня. У мінулым сезоне Кубак заваявалі хакеісты „Мінска”.

Беларускае Радыё Рацыя