Каладзінская выйграла серабро чэмпіянату свету



У сталіцы Сербіі Бялградзе працягваецца чэмпіянат свету па барацьбе, у якім пад нейтральным сцягам выступаюць беларускія спартоўцы. У шосты дзень турніру адбыўся першы фінал з беларускім удзелам – вырашальны паядынак у вагавай катэгорыі да 53 кг у жанчын правяла Ванэса Каладзінская. Суперніцай стала японка Акары Фудзінамі – чэмпіёнка свету 2021 года. Раней Каладзінская выбіла з барацьбы францужанку Таццяну Дэб’ен, венгерку Стальвіру Оршуш, шведку Юнну Мальмгрэн і Антым Пангхал з Індыі, але з маладзейшай японкай справіцца не змагла. У выніку – срэбра. Гэты медаль стаў для нашай каманды першым на гэтым турніры. Дзякуючы прызавому месцу ў алімпійскай вагавой катэгорыі беларуска атрымала ліцэнзію на Алмпійскія Гульні-2024 года ў Парыжы.

Азаранка прайграла ў 1/4 фіналу турніру ў Мексіцы

Беларуска Вікторыя Азаранка не здолела прабіцца ў паўфінал турніру катэгорыі WTA-1000 у мексіканскай Гвадалахары з прызавым фондам 2 мільёны 700 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале беларуская тэнісістка прайграла ў дзвюх партыях францужанцы Каралін Гарсіі (11) – 3:6, 4:6. У 1/16 фіналу Гарсія перамагла яшчэ адну беларуску Аляксандру Сасновіч – 4:6, 7:6 (7:5), 6:4.

„Легія” – „Астан Віла” – 3:2. Сенсацыйная перамога палякаў.

Чэмпіён Польшчы „Легія” стартавала ў Лізе канферэнцый з нечаканай хатняй перамогі ў матчы супраць англійскай „Астан Вілы”. Павел Вшолек ужо на 3-й хвіліне вывеў гаспадароў наперад, а ўжо праз тры хвіліны намаганнямі Джона Дурана ангельцы адыграліся. На 26-й хвіліне албанец Эрнэст Мучы зноў вывеў сваю каманду наперад. „Астан Віла” да канца першага тайма аднавіла парытэт намаганнямі Люкі Дзіня. У другім тайме Мучы здолеў аформіць дубль, адправіўшы мяч у правы ніжні кут. Ужо ў кампенсаваны арбітрам час паўабаронца гасцей Юры Цілеманс меў выдатны момант вырваць нічыю, але ўпусціў сваю магчымасць.

Зборная Беларусі па пляжным футболе саступіла італьянцам у суперфінале Еўралігі

Зборная Беларусі па пляжным футболе зведала першую паразу ў суперфінале Еўралігі па пляжным футболе ў італьянскім Альгера. У заключным паядынку папярэдняй групы А беларусы саступілі гаспадарам турніру італьянцам 2:4. У складзе беларусаў галы забілі капітан Іван Канстанцінаў і Яўген Новікаў. Такім чынам, ў чвэрцьфінале беларусы сустрэнуцца з дзейным пераможцам гэтага турніру Швейцарыяй.

Менскі „Дарожнік” перамог на старце 2-га тура чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Менскі „Дарожнік” атрымаў першую вікторыю на старце 35-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Пасля паразы ў першым туры ад „Менска” 1:4 падначаленыя Валерыя Дасько абыгралі на выездзе „Барысаў-900” з лікам 4:2. Галявы дубль у складзе пераможцаў аформіў Вячаслаў Цвірка.

Жаночая зборная Беларусі па футболе стартуе ў Лізе нацый УЕФА

Жаночая зборная Беларусі па футболе сёння стартуе ў Лізе нацый УЕФА. У дывізіёне „В” падначаленыя Юрыя Малеева ў 22.00 згуляюць у венгерскім Д’ёры з камандай Босніі і Герцагавіны. 26 верасня ў харвацкай Вялікай Горыцы беларускі сустрэнуцца з футбалісткамі Чэхіі.

Беларускае Радыё Рацыя