Каладзінская заваявала золата на ЧЕ па жаночай барацьбе
Беларуска Ванэса Каладзінская ў вагавай катэгорыі 53 кг заваявала залаты медаль чэмпіянату Еўропы па барацьбе ў італьянскім Рыме.
У фінальным паядынку беларуска апынулася мацней за спартоўку з Нідэрландаў Есіку Бласко. Беларуска Ірына Курачкіна ў вазе 57 кг стала трэцяй на гэтым турніры. У фінал спаборніцтваў па вольнай барацьбе выйшлі беларусы Нюргун Скрабін у вазе 65 кг і Магамедхабіб Кадзімагамедаў у вазе 79 кг.
Васілеўскі і Эрліх прайгралі ў паўфінале парнага разраду на турніры ў Бангалоры
Беларускі тэнісіст Андрэй Васілеўскі і ізраільцянін Ёнатан Эрліх ня здолелі прайсці ў фінал парнага разраду на турніры серыі «Чэленджэр» ў індыйскім Бангалоры з прызавым фондам 162 тысячы даляраў. Беларуска-ізраільскі тандэм саступіў аўстралійска-індыйскаму дуэту Мэцью Эбдэн / Леандэр Паэс – 4:6, 6:3, 7:10.
Олсбю-Ройсэлан выйграла спрынт на ЧС па біятлоне ў Антхольцы
Нарвежка Марце Олсбю-Ройсэлан выйграла спрынтарскую гонку на чэмпіянаце свету па біятлоне ў італьянскім Антхольцы. Вынік пераможцы – 21 хвіліна 13,1 секунды. Яна дапусціла адзін промах пры стральбе. Амерыканка Сьюзэн Данклі страляла без памылак, але саступіла скандынаўцы 6,8 секунды. Замкнула тройку наймацнейшых чэшка Луцыя Харватава. Лепшая з беларусак Алена Кручынкіна – 49-я. Яна пераадолела дыстанцыю з адставаннем ад чэмпіёнкі на 1 хвіліну 50 секунд з трыма промахамі. Ірына Крыўко заняла 52-е месца, Дынара Алімбекава – 72-я, Ганна Сола – 93-я. Сёння чэмпіянат свету працягнецца мужчынскім спрынтам на 10 км. Пачатак гонкі ў 16.45 па менскім часе. Завершацца спаборніцтвы ў Антхольцы 23 лютага. Усяго на сусветным форуме разыграюць 12 камплектаў узнагарод.
Берасцейскае «Дынама» вырвала нічыю ў матчы супраць «Карпат»
Дзеючы чэмпіён Беларусі па футболе берасцейскае «Дынама» другі турэцкі збор пачаў спарынгам супраць львоўскіх «Карпат». Матч скончыўся баявой нічыёй – 2:2. Прычым берасцейцы адыграліся ў канцоўцы гульні. Да 75-й хвіліны ініцыятывай валодалі «Карпаты», забіўшы «Дынама» два галы. Але ў канцоўцы матчу берасцейцы здолелі вырваць нічыю, адыграўшы два мяча ў суперніка. Галамі вызначыліся Эліс Бакай і Павел Савіцкі.
«Манчэстар Сіці» адхілены ад еўракубкаў на два сезоны
УЕФА паведаміў аб адхіленні дзеючага чэмпіёна Англіі «Манчэстар Сіці» ад еўракубкаў на два сезоны. Прычына такога рашэння – парушэнне правілаў фінансавага фэйр-плэй (суадносін выдаткаваных і заробленых грошай). Як удакладняе УЕФА, маніторынг фінансавых аперацый «Манчэстар Сіці» уключаў 2012-2016 гады. У гэты час клуб сур’ёзна завышаў даходы ад спонсараў. Каманда таксама аштрафаваная на 30 мільёнаў еўра. Каманда Пепа Гвардыёлы зможа дагуляць дзеючы сезон у еўракубках, але наступныя два вымушана будзе прапусціць.Пры гэтым «Манчэстар Сіці» будзе абскарджваць рашэнне ў Спартовым арбітражным судзе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: wrestling.by