Калумбія і Японія выйшлі ў 1/8-ю фінала



У чацвер на чэмпіянаце свету па футболе канчаткова высветлілі адносіны паміж сабой каманды групы “Н”.

Японская дружына, як і чакалася, асабліва не фарсіравала падзеі, хоць час ад часу турбавала польскага брамніка Лукаша Фабіяньскага. Польская рэпрэзентацыя выйшла на поле расейскага Валгаграда ў істотна абноўленым складзе, але ад гэтага больш пераканаўча не стала выглядаць. Дружына Польшчы больш валодала мячом, але была зноў інертнай.

На 60-й хвіліне “бялэ-чэрвоны” ўсё ж забілі. Пасля розыгрышу штрафнога ажно трое японцаў праваронілі Яна Беднарэка і той спакойна пераправіў мяч у сетку. Што сама дзіўнае, азіяты нават не зрабілі сур’ёзнай спробы адыграцца. Але такі самаўпэўнены і празмерны прагматызм урэшце вывеў “самураяў” у 1/8-ю фіналу.

Японія – Польшча – 0:1 (Беднарэк, 60-я)

Паралельна ў Самары ў непасрэдным спаборы разбіраліся паміж сабой Калумбія з Сенегалам. Першыя паўгадзіны былі адзначаны толькі хамствам Кулібалі, які ўдарыў Радамеля Фалькао і пры тым не атрымаў належнага пакарання. У адным з эпізодаў Хуан Кінтэра са штрафнога праверыў пільнасць нігерыйскага галкіпера Ндзіая. Але найбольш важнай падзеяй стала змушаная замена Хасэ Пекерманам аднаго з лідараў “калумбійскага картэля” – Хамеса Радрыгеса.

Сумнае дзейства хацеў крыху расфарбаваць сербскі арбітр Міларад Мажыч, прызначыўшы спярша пенальці ў браму калумбійцаў. Але прагледзеўшы відэа рэферы ануляваў сваё першаснае рашэнне.

У другой палове карціна доўга заставалася нязменнай. Героем калумбійскай нацыі ўрэшце стаў барселонскі абаронец Еры Міна – пасля падавання кутняга ён прабіў галавой з адскокам ад газона і мяч заляцеў у сетку. Фінальны навал сенегальцаў не прынёс ім дывідэндаў.

Сенегал – Калумбія – 0:1 (Міна, 74-я)

Выніковае становішча ў групе “Н”: 1. Калумбія – 6 ачкоў, 2. Японія – 4, 3. Сенегал – 4, 4. Польшча – 3. Што неверагодна цікава, у дружын Японіі і Сенегала аказаліся абсалютна роўныя паказнікі забітых і прапушчаных мячоў – 4-4. Наверх ідуць японцы па крытэру фэйр-плэй – у іх менш жоўтых картак.

У Калінінградзе Англіі з Бельгіяй належала разлічыцца на першы-другі. Трэнеры абедзвюх дружын скарысталіся сітуацыяй і выставілі на паядынак дублёраў. Доўга не пакідала адчуванне, што гэтыя зборныя не ведаюць, на каго ім лепш трапіць у 1/8-й фіналу. У брытанцаў найбольш актыўным у гэты дзень быў Маркус Рэшфард, але яму відавочна бракавала зграбнасці ў завяршэнні камбінацый. Ангельцы зрабілі стаўку на доўгія перадачы, але іх ккд быў зусім невысокім. Бельгійцы адзначыліся дзвюмя жоўтымі карткамі, а гэта азначала, што на той момант яны заставаліся другімі ў групе. Але гэта ніяк не паўплывала на характар гульні. Арбітру Даміру Скаміну нават не спатрэбілася дадаваць хвілін да першага тайма.

Гром ляснуў, калі на 50-й хвіліне бельгійскі хаўбек Аднан Янузай эфектна запусціў мяч у далёкую ад сябе дзявятку – адчайны скачок Джордана Пікфарда, які перавярнуўся ў палёце, сітуацыю для дружыны “трох ільвоў” не выратаваў. Толькі пасля гэтага брытанцы ўспомнілі пра браму супернікаў, але ў іх калодзе не знайшлося аніякіх козыраў.

Вынікі апошніх матчаў у групе „G”: Англія – Бельгія – 0:1, Панама – Туніс – 1:2. 

Такім чынам вызначыліся ўжо ўсе ўдзельнікі 1/8-й фіналу: Уругвай – Партугалія, Францыя – Аргенціна, Бразілія – Мексіка, Бельгія – Японія, з іншага боку сеткі: Іспанія – Расея, Харватыя – Данія, Швецыя – Швайцарыя, Калумбія – Англія.

Пятніца – вольны дзень ад гульняў. А ўжо з суботы пачнецца сама цікавае. Падводзячы вынікі групавога раўнду, можна адзначыць, што тон у сусветным футболе па-ранейшаму задаюць прадстаўнікі двух кантынентаў – Еўропы і Паўднёвай Амерыкі. У 16 мацнейшых выйшлі адразу 10 з 14 еўрапейскіх дружын, а таксама 4 з 5-ці прадстаўнікоў ніжняй Амерыкі, яшчэ па адной камандзе дэлегавалі Азія і Паўночная Амерыка. Зусім правалілася Афрыка, ды і азіяты выступілі ў цэлым няўдала.

Што датычыць спрэчкі лепшых бамбардзіраў, то наперадзе ангелец Хары Кейн, які свае 5 мячоў забіў у двух матчах, па 4 галы на рахунку партугальца Крышціяну Раналду і прадстаўніка Бельгіі Рамелу Лукаку.  

Беларускае Радыё Рацыя