Калядная сенсацыя ад менскага „Дынама”
Маленькую сенсацыю 24 снежня здзейсніла менскае „Дынама” ў чэмпіянаце Кантынентальнай Хакейнай Лігі.
У чарговым паядынку першынства на сваім лёдзе „зубры” адолелі аднаго з фаварытаў, уладальніка Кубку Гагарына казанскі АК „Барс” – 3:2.
Пасля першага перыяду табло высвечвала 2:0. Ужо на 2-й хвіліне з перадачы Андрэя Касціцына Аляксей Цярэшчанка адкрыў лік, вызначылася першае звяно гаспадароў лёду. На 17-й хвіліне Сяргей Касціцын павялічыў перавагу „зуброў”, менчукі гулялі якраз у большасці.
У другім перядзе галоў не было зафіксавана. А ў самым пачатку трэцяга Іржы Секач скараціў розніцу ў ліку. На 45-й хвіліне Дзмітрый Буйніцкі трэці раз прымусіў капітуляваць брамніка „барсаў”. Неўзабаве Аляксандр Паўловіч не рэалізаваў выгоднейшы момант. Госці здолелі зноў скараціць адставанне да мінімуму – шайба на рахунку Роба Клінкхамера, які яшчэ зусім нядаўна выступаў за менскае „Дынама”. Але бела-блакітныя самаахвярна вытрымалі фінальны націск супернікаў і заслужана перамаглі. Гэта ўжо трэцяя вікторыя „Дынама” запар!
Дынамаўцы выбраліся з самага дна турнірнай табліцы, але па-ранейшаму далёкія ад зоны плэй-оф. Пасля 40 гульняў у каманды Андрэя Сідарэнкі 28 ачкоў і 10-е месца Заходняй канферэнцыі. Ад рыжскага „Дынама”, якое на 9-й пазіцыі, ажно 9 ачкоў, а да 8-га месца – 14.
Беларускае Радыё Рацыя