Каманда МАЗа ўпершыню возьме ўдзел у мараканскім ралі-рэйдзе Desert Challenge
Беларускія аўтагоншчыкі ўпершыню возьмуць удзел у мараканскім ралі-рэйдзе Desert Challenge, які па ўзроўні складанасці супастаўны з сусветна вядомым „Дакарам”. Каманда „МАЗ-СПОРТаўта” паедзе на марафон двума экіпажамі і ў першы раз выставіць капотны грузавік, прэзентаваны ў канцы мінулага года, паведамілі на Мінскім аўтазаводзе.
Ралі пройдзе ў Марока з 12 па 20 красавіка. Большая частка маршруту праляжа па пустыні і пяшчанай мясцовасці. Гоншчыкам падрыхтавалі 2.741 км спецучасткаў, падзеленых на восем этапаў. Сярод перашкодаў — выдмы, мяккія пяскі і высахлыя рэчышчы.
„Цяпер усё больш кажуць, што „Дакар” можа вярнуцца ў Афрыку. Калі гэта адбудзецца, то мы павінны мець большае ўяўленне аб рэльефе і клімаце. Удзел у Morocco Desert Challenge як раз дазволіць атрымаць новы вопыт і апрабаваць спартыўныя грузавікі на гарачым кантыненце”, — растлумачыў кіраўнік каманды „МАЗ-СПОРТаўта” Сяргей Вязовіч.
Ад Беларусі ў гонцы будуць удзельнічаць два экіпажы. Вязовіч паедзе за рулём капотнага спартыўнага грузавіка. Кампанію яму складуць штурман Антон Запарошчанка і механік Сяргей Сачук, для якога гэта будзе першы ралі-рэйд.
Другі экіпаж павядзе Аляксей Вішнеўскі разам са штурманам Паўлам Гараніным, механікам будзе Віталь Мурылёў. Ім дастаўся грузавік, на якім выступаў Вязовіч на апошнім „Дакары”.
Тактыка каманды будзе новай: першым нумарам на Desert Challenge паедзе экіпаж Вішнеўскага. Як лічаць у камандзе, менавіта „загартаваны пяскамі” грузавік здольны прывезці беларусаў на п’едэстал. У сваю чаргу Вязовіч выступіць хутчэй пілотам-выпрабавальнікам: праверыць у гонцы капотнік, каб ужо ў Менску давесці яго канструкцыю да дасканаласці.
„Пасля тэстаў у Астрахані мы ўжо павысілі надзейнасць некаторых частак капотного „МАЗа”. Аднак першы гоначны вопыт ён атрымае ў Марока. Паводле вынікаў мы будзем разумець, гатовы капотнік да сур’ёзных ралі-рэйдаў або патрабуе дапрацоўкі, — адзначыў Вязовіч. — Мы таксама плануем падрыхтаваць рэзервовы экіпаж для наступных гонак. Гэта значыць ралі, што мае адбыцца, будзе вельмі карысным для каманды”.
Грузавікі пакінуць Менск 2 красавіка. На лафетах іх даставяць да французскага порта, а потым на пароме — у мараканскі Агадзір, дзе стартуе гонка.
Канкурэнцыю беларусам складуць знакамітыя каманды: Renault, Iveco, MAN, Scania і Ginaf. Усяго ў класе грузавікоў выступяць 35 экіпажаў — прыкладна столькі ж было і на „Дакары”.
„Нягледзячы на сур’ёзную канкурэнцыю, мы будзем змагацца за высокія пазіцыі. Усе ведаюць: мы заўсёды едзем па перамогу, хоць ад непрыемнасцяў ніхто і не застрахаваны. Мэта ў нас адна — стаць найлепшай гоначнай камандай у свеце. І мы да яе імчымся, як можам”, — падсумаваў кіраўнік „МАЗ-СПОРТаўта”.
belapan.by