Каманды беларускіх легіянераў перамаглі ў кваліфікацыі ЛЧ



У Еўропе ў сераду прадоўжыліся матчы 3-га раўнду кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Каманды, дзе выступаюць беларускія легіянеры – кіеўскае „Дынама” і казахстанская „Астана” дамагліся вікторый на сваіх палях з аднолькавым лікам 3:1.

Клуб са сталіцы Ўкраіны, які трэніруе беларускі спецыяліст і былы футбаліст клуба Аляксандр Хацкевіч, прымаў швайцарскі „Янг бойз” і выйграў, у самай канцоўцы супернікі абмяняліся галамі. Беларус Мікіта Корзун выйшаў на замену ў дынамаўцаў у другім тайме і амаль адразу мог вызначыцца голам, але бліскуча згуляў брамнік супернікаў.

Іншы беларус Іван Маеўскі стаў героем сустрэчы „Астаны” з варшаўскай „Легіяй”. У самым канцы першага тайму ён більярдным стрэлам замацаваў перавагу казахстанскай каманды – 2:0.

Іван Маеўскі ў цэнтры, фота vesti.kz

Потым забілі варшавякі, а трэці гол „Астаны” быў зафіксаваны ўжо ў кампенсаваны час. Яшчэ адзін беларус – абаронец Ігар Шытаў адыграў у барвах „Астаны” цэлы матч.

Беларускае Радыё Рацыя