Каму патрэбная бронза?
У сённяшнім матчы на стадыёне сталічнага гораду Бразіліа ў спрэчцы за 3-е месца сустрэнуцца няўдачнікі паўфіналаў: гаспадары турніру і Нідэрлянды. Шмат гаворана пра сумнеўнасць і патрэбу такіх суцяшальных матчаў, калі псіхалагічна каманды вынішчаны дарэшты. Асабліва цяжкі ўдар атрымалі бразільскія яшчэ ўчора “чараўнікі”, а сёння няўмекі. З іншага боку – для іх гэта шанец хоць неяк рэабілітавацца перад суайчыннікамі. І з гэтага гледзішча бронзавыя ўзнагароды куды больш патрэбныя “селесао”. А вось цэлы шэраг нідэрляндскіх дасведчаных гульцоў – Ар’ен Робэн, Найджэл дэ Ёнг, Дзірк Каўт, Уэслі Снайдэр, Робін ван Персі ўжо маюць сярэбраныя медалі мінулага мундыялю чатырохгадовай даўніны. Робэн наўпрост амаль з пагардай заявіў, што такія матчы нікому не патрэбныя. З іншага боку моладзь “аранжавых”, не разбэшчаная тытуламі, напэўна будзе мець дастатковую матывацыю і энтузіязм, каб стаць прызёрамі чэмпіянату, а паралельна канчаткова прыбіць зняважаных бразільцаў. У жоўта-сініх жа няма іншага выйсця, як перамагчы хоць бы ў гэтым “малым фінале”. Тым больш, што добрая палова бразільцаў больш не будзе мець шанцу выступіць за нацыянальную дружыну. Наперад няўдалых нашчадкаў пентакампеонаў зноў павядзе капітан і цэнтральны абаронец Ціагу Сільва, які вярнуўся ў шыхт пасля дыскваліфікацыі. Хто выйдзе ў лініі атакі бразільцаў – пакуль загадка.
Абодва трэнеры – і Луіс-Феліпе Скалары і Луі ван Гал напэўна істотна пераменяць склады: Скалары пад ціскім абструкцыі грамадскасці, а ван Гал з-за сваёй экстравагантнасці і эпатажнасці. Не выключана, што на браме “аранье” з глыбокага рэзерву нават з’явіцца трэці галкіпер Міхел Форм, які адзіны ў складзе гэтай еўрапейскай зборнай пакуль у матчах бразільскага “серыялу” не выходзіў на поле. А можа на апошнюю лінію абароны будзе адпраўлены герой чвэрцьфіналу Цім Крул. У кожным разе тылы ў еўрапейцаў выглядаюць намнога больш надзейнымі. За ўвесь турнір аранжавыя прапусцілі толькі 4 мячы, прычым у трох сустрэчах плэй-оф усяго адзін (!). Хутчэй усяго прапусціць сустрэчу капітан і лепшы снайпер Нідэрляндаў за ўсю гісторыю Робін ван Персі, у якога адгукаюцца наступствы ранейшай траўмы. Так што ў старце можа выйсці “Паляўнічы” Клас-Ян Хунтэлар. А вось Робэн можа і пакрывіў душой – асабіста ў яго павінна быць матывацыя, паколькі ў разе яскравага выступу, ён мае шанцы на тытул лепшага футбаліста першынства. Прызнаны ж быў на мінулым чэмпіянаце мацнейшым уругваец Дыега Фарлан, каманда якога тады стала толькі чацвёртай.
Паміж сабой Бразілія і Нідэрлянды сустракаліся 11 разоў – у агульным балансе поўная роўнасць па 3 вікторыі і 5 нічыіх. На мундыялях шляхі супернікаў скрыжоўваліся дагэтуль 4 разы. У 1974-ім у Германіі 2:0 перамаглі вынаходнікі татальнага футболу. Праз дваццаць гадоў у чвэрцьфінале 1994-га бразільцы ўзялі рэванш 3:2. Наступнае рандэву адбылося ў Францыі ў 1998-ым – на стадыі паўфіналу асноўны і дадатковы час скончыліся парытэтам – 1:1, а па пенальці выйгралі паўднёваамерыканцы 4:2. І нарэшце чатыры гады таму у Паўднёвай Афрыцы ў чвэрцьфінале сваю перавагу давялі галяндцы – 2:1. Абодва мячы ў аранжавых тады ў браму Жуліё Сезара забіў Уэслі Снайдэр. Але ці захоча зараз увогуле выступіць майстравіты паўбаронец пасля псіхалагічнай паўфінальнай драмы? Пытанняў шмат і адказы на іх дасць толькі сённяшняя гульня, якая мажліва станецца сапраўды лішняй, а можа і парадуе, асабліва нейтральных заўзятараў.
Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя