Канец валійскай казкі
У першым тайме валійцы сведама аддалі тэрыторыю супернікам і чакалі зручнага моманту для контратак. Першая з іх здарылася на зыходзе 18-й хвіліны, калі Гарэт Бэйл прарваўся па левым фланце і зарабіў кутні. Брытанцы арыгінальна разыгралі корнер, але той жа Бэйл прабіў вышэй папярэчыны. Запомніўся яшчэ адзін праход форварда “Рэала”, але брамнік Руі Патрысіу з выбарам пазіцыі не памыліўся. Што датычыць Крышціяну Раналду, то яго па чарзе ўважліва пільнавалі валійскія рыцары абароны. Толькі ў самым канцы тайма капітан партугальцаў на паўсекунды здолеў вызваліцца ад шчыльнай апекі, але галавой прабіў недакладна.
А вось пасля перапынку неяк вельмі хутка і банальна прыйшла развязка. За тры хвіліны партугальцы вырашылі ўсё. На 50-й хвіліне пірэнейцы атрымалі права на корнер – пасля яго розыгрышу і кросавага падавання Раналду выскачыў на недасягальную для простых смяротных вышыню і галавой закалаціў мяч у сетку. Гэта быў яго трэці гол на турніры і 9-ы на еўрачэмпіянатах. Тым самым Крышціяну ў сваім 20-ым матчы на Еўра дагнаў француза Мішэля Плаціні. Валійцы не паспелі ачомацца пасля такога накдаўну і ўслед прапусцілі яшчэ адзін жорсткі хук. Пасля выстралу таго ж Раналду Нані імгненна, чыста інтуітыўна падставіў нагу і другі раз засмуціў брамніка Уэйна Хэнэсі. Рэшту часу брытанцы імкнуліся адыграцца, але партугальцы бездакорна выконвалі свой план і не давалі супернікам разгарнуцца. Так скончылася валійская цудоўная казка. Партугалія ж другі раз у сваёй гісторыі згуляе ў фінале еўрачэмпіянату.
Партугалія-Уэльс-2:0 (Крышціяну Раналду, 50, Луіш Нані, 53).
Сёння пройдзе другі паўфінал – у Марсэлі сустрэнуцца Францыя і Нямеччына.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя