Канфуз Бельгіі
Панядзелак на Еўра прадставіў тры матчы на розны густ. Чэмпіёны кантыненту іспанцы з першых хвілін асадзілі чэшскую цвердзь і мэтна шукалі ў ёй слабыя месцы. Дэль Боске чарговы раз пасароміў спецыялістаў, якія спрабавалі вызначыць яго стартавы склад. На браме ён выпусціў Дэвіда дэ Хеа, а наперад выправіў атакуючы дуэт Наліта-Марата. Менавіта Альвара Марата быў сама актыўным, збіўшы ў адным з эпізодаў нават бакавога арбітра. Вёў жа рэжысёрскую партыю лепшы плэймейкер сучаснага футболу Андрэс Ін’еста. Чэхі проста клаліся касцямі, часам шчыра гулялі на адбой, але хто можа за гэта кінуць у іх хоць адзін камень?! На апошнім рубяжы геройстваваў “танкіст” Петар Чэх. У другім тайме дождж на кароткі час дазволіў славянам выраўняць гульню. Але пірэнейцы зацята гнулі сваю лінію і ўрэшце даціснулі суперніка. Характэрная дэталь – у вырашальны момант у чужую штрафную прыбеглі адразу два абаронцы – Рамас і Піке. Херард Піке скарыстаўся ідэальнай перадачай віртуёза Ін’есты, бясспрэчна лепшага на полі. У выніку цяжкая, але заслужаная вікторыя “фурыі рохі”.
Іспанія-Чэхія-1:0 (Херард Піке, 87).
Стартавала ў панядзелак група “Е”. Першымі ў Сэн-Дэні прадставілі свае акцыі Швецыя і Ірляндыя. Брытанцы глядзеліся куды цікавей у першым тайме. Думаецца, што іх 13-ы нумар Джэф Хендрык не затрымаецца пасля Еўра ў складзе “Дэрбі Каўнці”, атрымаўшы запрашэнне ў элітны клуб. Менавіта Хендрык найбольш напружваў дасведчанага брамніка шведаў Андрэаса Ісаксана. У адным з момантаў, калі ён зарадзіў у папярэчыну, Святы Патрык напэўна задрамаў. Пасля перапынку “зялёныя” арганізавалі надзвычай сімпатычны гол – гэта Уэс Хулахан ударам з лёту не пакінуў шанцаў галкіперу. Пасля гэтага ірляндцы наступілі на горла ўласнай песні атакі, імкнучыся зберагчы нажытае. Такая тактыка сябе не апраўдала. Падганяемыя жоўтымі трыбунамі – было ўражанне, што скандынаўскіх заўзятараў утрая больш брытанскіх, шведы з радасцю перанялі ініцыятыву і ўрэшце дамагліся жаданага – пасля прастрэлу Златана Ібрагімавіча небарака Кіран Кларк здзейсніў эфектны аўтагол. Марцін О’Ніл экстранна падняў з лаўкі не да канца здаровага Робі Кіна, але больш галоў не здарылася.
Ірляндыя-Швецыя-1:1 (Уэс Хулахан, 47; Кіран Кларк, 71, у сваю браму).
Бельгіі выдалі столькі авансаў напярэдадні Еўра, што падобна ў стракатай ва ўсіх сэнсах каманды Марка Вільматса закруцілася галава. Сутыкнуўшыся з класічным італійскім “катэначча” – а нехта думаў, што будзе па-іншаму? – бельгійцы элементарна разгубіліся, дзеілі прадказальна і неяк механістычна, без усялякай імправізацыі. Абарончая лінія апенінцаў, складзеная цалком з дасведчаных прадстаўнікоў “Ювентуса”, не дала сумневу ў сваёй кваліфікацыі. Італійцы ж скарысталіся першым жа правалам абароны супернікаў – Эмануэле Джакерыні ўвараваўся ў штрафную і перакінуў брамніка Цібо Куртуа. Апынуўшыся ў сваёй стыхіі, “скуадра адзура” натуральна засталася вернай свайму векавому стылю. У канцоўцы ёй удалася хрэстаматыйная контратака і завяршэнне з асаблівым цынізмам. Гэта Антоніё Кандрэва, вытрымаўшы паўзу, прадставіў апошняе слова Грацыяна Пеле. У бельгійцаў быў адзін выдатны шанец, які змарнаваў Рамела Лукаку.
Бельгія-Італія-0:2 (Эмануэле Джакерыні, 32, Грацыяна Пеле, 93).
Завершаць праграму 1-га туру сёння прадстаўнікі групы “F”. Некаторыя лічаць гэтую кампанію слабейшай за іншыя. Так ніхто з квартэту раней не станавіўся пераможцам чэмпіянату кантыненту. Толькі партугальцы былі фіналістамі, калі на хатнім Еўра саступілі золата грэкам у 2004-ым.
У Бардо спаткаюцца суседзі Аўстрыя і Венгрыя. Раней яны гулялі паміж сабой ажно 137 разоў (!), ніхто з удзельнікаў чэмпіянату ня мае такой працяглай гісторыі дачыненняў. Выразным фаварытам лічацца моцна славянізаваныя аўстрыякі, якія лёгкім шпацырам прайшлі адборавы турнір. Венгры ажно 30 гадоў не выступалі на топ-турнірах, а іх слава ўвогуле засталася ў пяцідзесятых гадах мінулага стагоддзя.
Сама апошнімі выкладуць свае козыры ў Сент-Эцьене Партугалія і Ісляндыя. Тут крышціянураналдаўская каса можа найсці на камень астравіцянаў, сыдуцца пламень і лёд, пірэнейскі клас непазбежна сутыкнецца з паўночным парадкам. Ад дэбютанта Еўра Ісляндыі можна чакаць сюорпрыза. І не аднаго.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя