Карніленка завяршыў кар’еру



36-гадовы беларускі нападнік самарскіх „Крылаў Саветаў” Сяргей Карніленка вырашыў завяршыць кар’еру.

Па словах старшыні савета дырэктараў самарскага клуба Аляксандра Фяцісава, такое рашэнне Карніленка прыняў у сувязі з траўмай, якую форвард атрымаў у канцы мінулага сезона. Сяргей Карніленка разам з Андрэем Каракам з’яўляецца лепшым бамбардзірам у гісторыі „крылаў”. Цяпер мяркуецца, што Карніленка ўвойдзе ў трэнерскі штаб самарцаў пад кіраўніцтвам Міадрага Божавіча. Сяргей Карніленка правёў восем сезонаў у складзе „Крылаў Саветаў”. Ён таксама выступаў за „Зеніт”, „Томь”, „Рубін”, „Блэкпул”, кіеўскае і менскае „Дынама”. За зборную Беларусі Карніленка гуляў з 2003 па 2017 год, правёўшы за гэты час 78 матчаў і забіўшы 17 мячоў.

Каракоўская ў кроку ад медаля на Універсіядзе

Беларуская плыўчыха Анастасія Каракоўская заняла чацвёртае месца на дыстанцыі 50 м вольным стылем на ХХХ Сусветнай летняй Універсіядзе ў Неапалі. Беларуска пераадолела дыстанцыю за 25,24 сек. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася спартоўка з ЗША Кі-Лі Пэры з вынікам 25,08 сек. У скарбонцы беларускай зборнай на летняй Універсіядзе ў Неапалі два медалі. Раней плывец Рыгор Пякарскі заваяваў бронзавы медаль на дыстанцыі 50 м батэрфляем, а гімнаст Ягор Шарамкоў стаў другім у апорным скачку.

Талапіла падпісаў кантракт з «зубрамі»

Беларускі галкіпер Мікіта Талапіла падпісаў двухбаковы кантракт з хакейным клубам „Дынама-Мінск”. На працягу трох папярэдніх гадоў хакеіст выступаў за каманды U17 і U18 ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, таксама гуляў за U20 ў экстралізе. У мінулым сезоне на рахунку Мікіты 42 матчы за моладзевую зборную. Працэнт адбітых кідкоў – 89,1. Таксама Мікіта Талапіла ўдзельнічаў у двух юнацкіх і двух моладзевых чэмпіянатах свету. У „зуброў” адзначылі, што мінулым летам галкіпер ужо праходзіў прагляд у „Дынама-Мінск”, аднак для атрымання гульнявой практыкі адправіўся ў каманду U20. Таксама пяць гульцоў знаходзяцца на праглядзе ў хакейным клубе „Дынама-Мінск”, з імі заключаны пробныя кантракты. Свае сілы ў сталічным клубе паспрабуюць абаронца Дзмітрый Дзярабін і нападнікі Мікалай Сыты, Ігар Мартынаў, Вячаслаў Грэцкі і Максім Парфеявец. У выпадку ўдалага праходжання прагляду з гульцамі будуць заключаны кантракты. Падрыхтоўку да новага сезона хакеісты менскага „Дынама” пачнуць у сярэдзіне ліпеня ў Пінску, пасля чаго адправяцца ў Ніжні Ноўгарад. Затым менчукі згуляюць у розыгрышы Кубка Беларусі.

МАЗы выйгралі этап «Шаўковага шляху»

Завяршыўся чацвёрты этап ралі „Шаўковы шлях”. Упершыню ў гісторыі „МАЗ-СПОРТаўта” заняў тры першыя месцы на фінішы спецвучастка. Сяргей Вязовіч атрымаў трэцюю перамогу з пачатку гонкі і значна ўмацаваў сваё лідарства. Аляксандр Васілеўскі паказаў другі вынік, Аляксей Вішнеўскі фінішаваў трэцім.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя