Кацярына Карстэн выступіць на сёмай Алімпіядзе запар



Двухразовая алімпійская чэмпіёнка і 6-разовая чэмпіёнка свету Кацярына Карстэн, якая 2 чэрвеня адзначыць свой 44-ы дзень нараджэння, заваявала пуцёўку на сёмую Алімпіяду запар.

24 мая на Еўрапейскай кантынентальнай кваліфікацыйнай рэгаце ў швейцарскім Люцэрне ў фінальным заездзе жаночых адзіночак разыгрываліся чатыры ліцэнзіі на ўдзел у летніх Алімпійскіх гульнях 2016 года. Кацярына Карстэн заваявала запаветную пуцёўку, фінішаваўшы на дыстанцыі 2000 м з трэцім вынікам. Наперадзе толькі новазеландка Эма Твіг і ірландка Саніта Пуспурэ, паведамляе tut.by.

На АГ-1992 у Барселоне Кацярына, якая выступала тады пад дзявочым прозвішчам Хадатовіч, заваявала бронзу ў складзе экіпажа чацвёркі парнай, затым былі медалі ў адзіночках: два золаты (Атланта-1996 і Сідней-2000), срэбра (Афіны-2004) і бронза (Пекін-2008).

На Гульнях у Лондане-2012 Кацярына Карстэн заняла 5-е месца, выступаючы са зламанымі рэбрамі.