Кацярына Сныціна дапамагла „Несібе Айдын” прабіцца ў паўфінал чэмпіянату Турцыі



„Несібе Айдын”, колеры якога бароніць беларуска Кацярына Сныціна, выйшаў у паўфінал плэй-оф чэмпіянату Турцыі па баскетболе. У другім матчы 1/4 фіналу „Несібе Айдын” абыграў „Мерсін” – 79:53. Самым выніковым гульцом у складзе „Несібе Айдын” стала Сныціна – яна набрала 22 ачкі і аддала пяць выніковых перадач. У паўфінале каманда з беларускай у складзе згуляе з „Галатасараем”.

 

Другая ракетка свету Наомі Осака перапыніла 23-матчавую бяспройгрышную серыю

Другая ракетка свету, японская тэнісістка Наомі Осака ў матчы 1/4 фіналу саступіла прадстаўніцы Грэцыі Марыі Саккары на турніры катэгорыі WTA-1000 у Маямі (ЗША) з лікам 0:6, 4:6. Гэтая параза стала для японкі першай больш чым за год. У папярэдні раз яна прайгравала ў лютым 2020 года, калі ў паядынку Кубка Федэрацыі з лікам 0:6, 3:6 саступіла іспанскай тэнісістцы Сары Сарыбес-Торме. Такім чынам, яна перапыніла бяспройгрышную серыю, якая складала 23 матчы. У паўфінале турніру ў Маямі Саккара сустрэнецца з Бьянкай Андрэеску з Канады.

 

„Каларада” атрымаў дазвол праводзіць хатнія матчы з гледачамі

„Каларада Эвеланш” зможа праводзіць хатнія матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ у прысутнасці гледачоў на трыбунах. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Паведамляецца, што дэпартамент аховы здароўя штата дазволіў допуск на арэну 4050 заўзятараў на хатніх матчах клуба, што складае 22 працэнты ад агульнай ёмістасці хатняй арэны „Эвеланш”. Першы матч з гледачамі „Каларада” правядзе ў ноч з 2 на 3 красавіка. Супернікам стане „Сэнт-Луіс”.

 

Эстафета алімпійскага агню праз прэфектуру Осака адменена

У Японіі абвясцілі аб адмене эстафеты алімпійскага агню праз прэфектуру Осака. Прычына такога рашэння ў рэзкім павелічэнні выпадкаў заражэння каронавірусам у дадзеным рэгіёне. У Осацы пачалася чацвёртая хваля COVID-19. Напярэдадні там выяўлена 599 новых выпадкаў заражэння каронавірусам, што перавысіла паказчыкі Токіо. Эстафета агню планавалася па ўсіх 47 прэфектурам краіны да Токіо, дзе 23 ліпеня павінна адбыцца адкрыццё Алімпійскіх гульняў.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя