Хакеісты Аўстрыі сталі пераможцамі моладзевага Чэмпіяната свету ў Менску
Зборная Аўстрыі перамагла каманду Славеніі ў асноўны час з лікам 4:1 у матчы заключнага тура моладзевага чэмпіянату свету ў першым дывізіёне ў Менску і стала недасягальнай для канкурэнтаў у барацьбе за павышэнне ў класе. Зборная Беларусі выйграла ў каманды Даніі з лікам 7:2. Беларуская зборная па-за залежнасці ад зыходу гэтай сустрэчы гарантавала сабе трэцяе месца па выніках хатняга чэмпіянату свету.
Выніковае становішча каманд па выніках менскага чэмпіянату свету ў першым дывізіёне такое: Аўстрыя – 12 ачкоў, Латвія і Беларусь — па 11, Нарвегія – 7, Данія — 3, Славенія — 1 ачко. Такім чынам, павышэнне ў класе выйгралі хакеісты Аўстрыі, а славенцы ў наступным годзе апускаюцца ў дывізіён рангам ніжэй.
Валейбалісты „Шахцёра”, абгуляўшы „Барысаў-БДУФК”, выйшлі ў „Фінал чатырох” Кубка Беларусі
Дзеючы ўладальнік Кубка Беларусі па валейболе сярод мужчынскіх каманд салігорскі „Шахцёр”, святкаваўшы перамогу па выніках двух матчаў „Барысаў-БДУФК”, выйшаў у „Фінал чатырох”. „Гарнякі” аформілі выхад у вырашальную стадыю Кубка Беларусі, не дазволіўшы супернікам з Барысава ўзяць верх хоць бы ў адным сэце – 3:0. Паядынак двух каманд з Менскай вобласці стаў дэбютным для харвата Івана Раіча, які перайшоў у стан салігарчанаў напярэдадні. Валейбаліст з Балкан быў вельмі карысны. Набраўшы 12 ачкоў, ён стаў адным з лепшых гульцоў у складах абедзвюх каманд. У іншых матчах чвэрцьфіналу Кубка Беларусі каманда „Марка-ВДТУ” з Віцебска саступіла гомельскай „Энергіі” – 0:3. Менскі „Будаўнік” выбіў з барацьбы абухоўскі „Легіён” — 3:0. „Фінал чатырох” пройдзе ў Берасці 21-22 снежня на пляцоўцы спарткомплексу „Вікторыя”. Мясцовы „Заходні Буг” на правах арганізатара ўдзелу ў чвэрцьфінальных матчах не прымаў.
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” прайгралі польскай „Зялёнай Гуры”
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” пацярпелі чарговую паразу ў Адзінай лізе ВТБ. Гуляючы ў гасцях у польскага клуба „Зялёна Гура”, падначаленыя Расціслава Вергуна ў пачатку чацвёртай чвэрці выйгравалі з розніцай у 13 ачкоў, але не ўтрымалі перавагу і ў выніку саступілі ў авертайме – 96:102. У 9 матчах „банкаўскага” турніру менчане святкавалі ўсяго адну перамогу. Свой наступны матч у Адзінай лізе ВТБ „Цмокi” правядуць 21 снежня ў Пермі супраць мясцовай „Пармы”.
Беларускія біятланісты прабеглі лепшую эстафету за пяць гадоў
Зборная Беларусі па біятлоне правяла адну з лепшых эстафет за многія гады, фінішаваўшы на сёмым месцы ў рамках этапу Кубка свету ў аўстрыйскім Хохфільцыне. Так высока беларусы не былі з 2014 года. Антон Смольскі выкарыстаў два дадатковыя патроны і змог перадаць эстафету Сяргею Бачарнікаву дзевятым. Сяргей добра страляў, але ў яго былі праблемы на лыжні. У выніку Беларусь адкацілася на 16-ты радок.
У Рамана Елетнава былі няўдачы на стральбе стоячы, але ў гэты раз ён ідэальна адпрацаваў на другім рубяжы. Гэта дазволіла нашаму квартэту ўзляцець на восьмае месца. Працу таварышаў па камандзе падтрымаў і Мікіта Лабастаў, які адыграў яшчэ адно месца. Гэта лепшы вынік нашай каманды за пяць гадоў. Перамога ж дасталася Нарвегіі, на другім месцы зборная Нямеччыны. Трэцяе месца заняла Францыя.
“Яга” перамагла ў дэбютным матчы пад кіраўніцтвам Гжыба
У матчы 19-га тура польскай футбольнай экстракласы «Ягелонія» абыграла ў хатнім матчы гданьскую «Лехію» з лікам 3:0. Хесус Імаз аформіў дубль, Томаш Пшыкрыл адзначыўся адным голам. Гэта быў сёлета апошні матч «Ягелоніі» ў Беластоку і першы пад кіраўніцтвам новага трэнера Рафала Гжыба, які ўзначаліў каманду пасля сыходу Ірэніўша Мамрота.
«Рэал» на 95-й хвіліне сышоў ад паразы ў матчы з «Валенсіяй»
Мадрыдскі «Рэал» згуляў унічыю з «Валенсіяй» у матчы 17-га тура чэмпіянату Іспаніі. Сустрэча адбылася ў Валенсіі на стадыёне «Месталья» і завяршылася з лікам 1: 1. Першы мяч у матчы быў забіты на 78-й хвіліне. Аўтарам стаў паўабаронца «кажаноў» Карлас Салеры. «Сметанковыя» адыграліся на 95-й хвіліне пасля падачы кутавога. У таўханіне ў штрафной гаспадароў мяч у браму адправіў Карым Бензема. У турнірнай табліцы чэмпіянату Іспаніі «Валенсія» займае 8-е месца. У актыве каманды 27 ачкоў. «Рэал» займае 2-е месца, маючы ў актыве 35 ачкоў. У матчы 17-га тура чэмпіянату Англіі «Арсенал» прайграў «Манчэстар Сіці» з лікам 0:3 – дублем адзначыўся Кевін Дэ Бройнэ, Рахім Стэрлінг забіў адзін мяч. «Манчэстар Сіці», набраўшы 35 ачкоў, займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы АПЛ.
Гандбалісткі Нідэрландаў ўпершыню сталі чэмпіёнкамі свету
Гандбалісткі зборнай Нідэрландаў ўпершыню сталі чэмпіёнкамі свету. У японскім Кумамота нідэрландскія спартоўкі ў вырашальным паядынку за чэмпіёнскі тытул адолелі каманду Іспаніі з мінімальнай перавагай у ліку — 30:29. У матчы за бронзавыя медалі зборная Расеі перайграла нарвежскіх гандбалістак з лікам 33:28.
Анон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя