Хакеісты „Дынама-Маладзечна” выйгралі першы матч у плэй-оф экстралігі
У Маладзечне і Жлобіне адбыліся трэція матчы ў серыях першага раўнда плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. Пераможца рэгулярнага чэмпіянату „Шахцёр” прыбыў у госці да „Дынама-Маладзечна”, маючы дзве вікторыі ў двух стартавых матчах серыі. Аднак паўтарыць поспех на чужым лёдзе салігарчанам не ўдалося. Пасля 40 хвілін гульні на табло гарэлі роўныя лічбы, а ў сярэдзіне заключнай трэці форвард „бела-блакітных” Эдуард Грынь прынёс сваёй камандзе перамогу – 2:1. Такім чынам, хакеісты „Дынама-Маладзечна” скарацілі адставанне ў серыі 1:2, наступны матч у гэтай пары пройдзе заўтра.
З такім жа лікам 2:1 скончыўся і трэці паядынак у „палескім дэрбі” „Металурга” і „Гомеля”. Праўда, падзеі ў гэтай гульні развіваліся крыху інакш: жлабінчане захапілі лідарства ўжо на 3-й хвіліне сустрэчы, а ў другім перыядзе падвоілі перавагу. У фінальным адрэзку гамяльчане адквіталі адну шайбу, але гэтым і абмежаваліся. Пасля няўдачы ў дэбютным матчы „Металург” выйграў дзве сустрэчы запар і выйшаў наперад у серыі 2:1, у чацвер каманды сустрэнуцца ў Жлобіне зноў.
„Вашынгтон” капітуляваў перад „Рэйнджэрс”. Протас згуляў упершыню з 12 лютага
Мінулай ноччу ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Вашынгтон” саступіў у Нью-Йорку „Рэйнджэрс” 3:5. Упершыню з 12 лютага ў матчы наймацнейшай лігі свету быў задзейнічаны Аляксей Протас. Беларускі форвард „Кэпіталз” правёў на пляцоўцы 11 хвілін 15 секунд, зарабіў асістэнцкі бал, завяршыў вечар з 3 кідкамі па брамцы, 2 хвілінамі штрафу і -1 карыснасці. Усяго ў чэмпіянаце на яго рахунку 11 (3+8) ачкоў у 44 матчах. „Нью-Джэрсі” сустракаўся з „Тампай”. І прайграў, праваліўшыся ў другім перыядзе 1:4. Беларускі нападнік „д’яблаў” Ягор Шаранговіч не трапіў у гульнявую заяўку шосты раз запар. Ён не гуляў з 3 сакавіка.
Сабаленка стала чвэрцьфіналісткай турніру WTA у Індыян-Уэлсе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў 1/4 фіналу турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Індыян-Уэлсе з прызавым фондам 8 мільёнаў 800 тысяч даляраў. У 1/8 фіналу другая ракетка свету адолела чэшку Барбару Крэйчыкаву, якая займае 16-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 6:3, 2:6, 6:4. Наступнай суперніцай беларускі будзе амерыканка Кока Гаўф.
„Менск” узяў верх над „Вітэнам”
У чарговым матчы чэмпіянату Беларусі па мініфутболе „Менск” узяў верх над „Вітэнам”. Сустрэча адбылася ў сталічным спарткомплексе МАПІД і скончылася з лікам – 5:3
„Манчэстэр Сіці” і „Інтэр” прайшлі ў 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў
У футбольнай Лізе чэмпіёнаў вызначыліся яшчэ два ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі. Англійскі „Манчэстэр Сіці” у хатнім паядынку 1/8 фіналу разграміў нямецкі „Лейпцыг” з лікам 7:0. У гэтай гульні нарвежскі форвард Эрлінг Холанд забіў 5 мячоў і з дзесяццю галамі выйшаў у лідары бамбардзірскай гонкі ЛЧ. Холанд аформіў трэці пента-трык у гісторыі Лігі чэмпіёнаў. Раней гэта змаглі зрабіць Ліянэль Месі і Луіс Адрыяна. Пасля чаго на 63-й хвіліне нарвежца замянілі. Першы матч гэтых сапернікаў у Лейпцыгу завяршыўся ўнічыю – 1:1. Міланскі „Інтэр” у гасцях разышоўся мірам з партугальскім „Порту” – 0:0 і выйшаў у чвэрцьфінал дзякуючы хатняй перамозе – 1:0. Паўабаронца „Інтэра” Генрых Мхітаран стаў першым гульцом з Арменіі, які згуляў у 50 матчах Лігі чэмпіёнаў без уліку гульняў кваліфікацыі.
Беларускае Радыё Рацыя