Хакеісты „Дынама-Шынніка” пацярпелі другую паразу ў рэгулярным чэмпіянаце МХЛ
Хакеісты бабруйскага „Дынама-Шынніка” пацярпелі другую паразу ў рэгулярным чэмпіянаце Маладзёжнай хакейнай лігі. Падначаленыя Андрэя Міхалёва ўпершыню ў гэтым чэмпіянаце прымалі на „Бабруйск-Арэне” прадстаўнікоў Залатога дывізіёна МХЛ – санкт-пецярбургскае „Дынама-СПб”. У мінулым сезоне каманды аспрэчвалі права згуляць у плэй-оф, і тады мацней у серыі да двух перамог апынуліся пецябруржцы. У першай праз паўгода сустрэчы больш пераканаўча зноў выглядалі госці. Як вынік – параза „Дынама-Шынніка” з лікам 2:4, гэта няўдача стала для беларускай каманды ўсяго другой у дзевяці матчах сезона. Бабруйскі калектыў з 15 баламі працягвае ўзначальваць табліцу Срэбранага дывізіёна МХЛ.
Максім Сушко закінуў камандзе свайго бацьку
Беларускі форвард „Сібіры” вызначыўся шайбай у матчы з маскоўскім „Дынама”. І дапамог сібіракам спыніць пераможную серыю лідэраў Захаду – 3:2. Гэта першая шайба і ўвогуле першы выніковы бал Максіма ў васьмі матчах гэтага сезона. Цікава, што гендырэктарам маскоўскага „Дынама” працуе яго бацька Сяргей Сушко.
Аляксандр Сяднёў абверг інфармацыю аб перамовах з берасцейскім „Дынама”
Беларускі спецыяліст цяпер узначальвае „Ардабасы”, які лідыруе ў чэмпіянаце Казахстана. „Цалкам засяроджаны на сваёй камандзе. І ні з кім перамоваў не вяду, — цытуе Сяднёва канал „Вуха”.
Арцём Мілеўскі шпіталізаваны ў цяжкім стане
Пра гэта расказаў яго сябар Аляксандр Аліеў. Паводле яго слоў, экс-форвард берасцейскага „Дынама” трапіў у шпіталь пяць дзён таму. Цяпер лекары змагаюцца. Апошнім часам 38-гадовы Мілеўскі ўсё часцей пачаў з’яўляцца ў сацсетках у стане ап’янення. Аб праблемах спартоўца, у прыватнасці, казаў экс-гулец зборнай Украіны Яўген Селязнёў. Усе выдаткі на лячэнне ўзяў на сябе Ігар Суркіс – ўладальнік кіеўскага „Дынама”, за якое выступаў Мілеўскі.
Барысаўскі БАТЭ прыме футбалістаў „Гомеля” у адкладзеным матчы чэмпіянату Беларусі
Футбалісты барысаўскага БАТЭ правядуць адзін з чатырох перанесеных матчаў чэмпіянату Беларусі. На полі „Барысаў-Арэны” падначаленыя Кірыла Альшэўскага ў паядынку 16-га тура сустрэнуцца з „Гомелем”. У мінулы ўік-энд барысаўчане перамаглі бабруйскую „Белшыну” 2:1, а гамяльчане таксама на сваім полі ўзялі верх над гасцямі з ФК „Менск” з лікам 2:0.
Беларускія футбалісткі згуляюць з чэшкамі ў Лізе нацый УЕФА
Футбалісткі зборнай Беларусі правядуць сёння другі паядынак жаночай Лігі УЕФА. У матчы другога тура ў 4-й групе другога па рангу дывізіёна ЛН – лізе В – у харвацкай Вялікай Горыцы беларускі згуляюць са зборнай Чэхіі. Гэтую сустрэчу будзе судзіць брыгада эстонскіх арбітраў. У стартавым матчы падначаленыя Юрыя Малеева саступілі ў венгерскім Д’еры камандзе Босніі і Герцагавіны з лікам 1:2. У складзе беларусак вызначылася Анастасія Ліннік. Чэшскія футбалісткі перайгралі на выездзе зборную Славеніі 2:0.
Беларускае Радыё Рацыя